Рус Бел
24.06.2020

Цікавыя мерапрыемствы, разнастайныя гурткі, трохразовае харчаванне гарантавана дзецям у школьных летніках

На базе шумілінскай СШ № 2 зараз працуюць адразу тры школьныя летнікі, якія наведваюць вучні дзвюх гарадскіх школ. Адзін з іх – працоўны. У суботу мы завіталі на змену, каб даведацца, як праводзіць час дзятва.

– Урокаў няма – і гэта ўжо выдатна. Мы малюем, гуляем, шмат бываем на вуліцы. Мне весела з сябрамі, і я рад, што не давялося з імі развітвацца, – расказаў Міша Сініцын.

– А яшчэ нас смачна кормяць. Учора, напрыклад, на падвячорак быў зефір, сёння яблыкі дадуць, – уключылася ў гутарку Ульяна Марозава.

Дзеці прыходзяць у школу (кожны дзень акрамя нядзелі) да 8.30 і застаюцца да паловы чацвёртай. Змена доўжыцца 18 дзён. Пачынаецца дзень з зарадкі, працягваецца сняданкам, а затым – мерапрыемствы, гурткі, спартыўныя спаборніцтвы. Больш за ўсё, як высветлілася, школьнікі любяць дыскатэкі, якія тут праводзяцца на свежым паветры.

– Гурткі ў летніку арганізуюць педагогі раённага цэнтра дзяцей і моладзі. Дзятва малюе, пляце з бісеру, вырабляе арыгамі і нават танцуе, – расказала намеснік дырэктара СШ № 2 Маргарыта Федчанка. – Складаная эпідсітуацыя пазбавіла нас магчымасці ладзіць экскурсіі. Але мы ўжо дамовіліся з ДАІ, райаддзелам па надзвычайных сітуацыях, газавай службай пра тое, што яны завітаюць у летнік з цікавымі выступленнямі.

Да слова, работа школьных летнікаў арганізавана з улікам пандэміі каронавірусу. Як расказала начальнік лагера Ірына Качан, у дадатковай колькасці набыты сродкі дэзынфекцыі, кожныя дзве гадзіны ідзе санітарная апрацоўка памяшканняў. Дзеці і выхавальнікі, знаходзячыся ў пакоях, выкарыстоўваюць ахоўныя маскі. Кожны дзень ладзіцца замер тэмпературы.

Пуцёўка ў школьны летнік на аднаго дзіцяці каштуе 107 рублёў, бацькі ж выплачваюць усяго 22.

Усе навіны

Другие новости

Радыё "Віцебск"