Рус Бел
26.10.2020

Вiцябчанка ўспамiнае аб сустрэчы з Уладзiмiрам Караткевiчам

Вучылася я тады на апошнім курсе Магілёўскага педінстытута і працавала піянерважатай у Бараньскай СШ, калі наважылася паказаць Уладзіміру Сямёнавічу Караткевічу свае паэтычныя спробы.

Быў ён ужо тады аўтарам першага зборніка вершаў «Матчына душа» і працаваў настаўнікам рускай літаратуры ў адной са школ Оршы.

Памятаю: сяджу ў вестыбюлі і трасуся, як на страшным судзе. Быў якраз перапынак, і дзяжурны паклікаў паэта. Гляджу, зыходзіць па лесвіцы, не перадаць, які прыгожы! Падыходзіць, вітаемся. Паглядзеў мае паперкі і пытае з дакорам: «Ці ж вы не беларуска?! Чаму ж пішаце на рускай мове?» Так я пачала пісаць на роднай мове. Першы верш «Сасонка» ён пахваліў.

Наша Бараньская школа аднойчы наведала іх школу, і мне пашчасціла быць у паэта на адкрытым уроку. Памятаю, з якім замілаваннем глядзелі вучні на свайго настаўніка. Тлумачыў новую тэму, трошкі хваляваўся, хадзіў па класе. На метадычнае абмеркаванне не прыходзіў.

У адным з наступных лістоў да мяне паэт напісаў: «Я раіў бы вам паспрабаваць сябе ў новым жанры — дзіцячых вершах. Мне здаецца, у вас атрымаецца». Першыя дзіцячыя вершы прынеслі мне вялікі поспех. Іх надрукавалі ў «Настаўніцкай газеце», «Вясёлцы». Літаратурны кансультант «Настаўніцкай» Л. Данілевіч пісаў: «Пішыце, дасылайце, бу­дзем друкаваць. Вы здольны дзіцячы паэт». У хуткім часе выйшла кніжка «Сінія вядзёрцы», якая атрымала добры водгук у крытыцы.

Так я знайшла сваё прызванне, дзякуючы пара­дзе Уладзіміра Сямёнавіча.

У апошні раз бачыла я паэта ў 1979 годзе на семінары, у Каралішчавічах. У памяці засталіся яго цікавыя парады наконт паэзіі, творчасці. У апошнім лісце ён пісаў: «Нельга выпускаць з­пад пяра першае, што пад яго лягло. Так жывую птушку можна выпусціць, а мы — творцы птушак рукатворных, якіх трэба, перш чым выпусціць, ажывіць. У гэтым і ёсць чарадзейства паэзіі».

Гэта быў 1979 год. Паэт пісаў: «Пасля катастрофы за год сем разоў быў у бальніцы… Звыш меры завалены работай, а мне цяпер, як ніколі, трэба берагчы час. Позна я спахапіўся аб гэтым».

Мне на развітанне раіў «не закапваць свае здольнасці ў зямлю». «Давяраю вас зычлівым рукам Мікалая Якаўлевіча Аўрамчыка, добрага чалавека і паэта», — пісаў Уладзімір Сямёнавіч.

Рада, што ў Віцебску з’явілася вуліца, што но­сіць імя Уладзіміра Караткевіча.

Усе навіны

Другие новости

Радыё "Віцебск"