Настройки
Настройки шрифта
Arial
Times New Roman
Размер шрифта
A
A
A
Межбуквенное расстояние
Стандартное
Увеличенное
Большое
Цветовая схема
Черным
по белому
Белым
по черному
Витебский городской исполнительный комитет
Главная / Новости

Новости

23 августа 2024 года

Актрыса, вядучы майстар сцэны драмтэатра імя Якуба Коласа, рэжысёр Ніна Обухава адзначае юбілей

У гэта цяжка паверыць, што вось гэтая рухавая, вельмі актыўная, няўрымслівая актрыса з моцнай энергетыкай Ніна Аляксандраўна Обухава ўжо адзначае паўстагоддзя жыццёвага шляху. А яшчэ за плячыма больш за 25 год служэння Коласаўскаму тэатру. Выдатная актрыса, цікавы рэжысёр…
Дзяцінства
Калі ж, у якім узросце яна зразумела, што хоча быць актрысай, што тэатр менавіта яе прызванне? Можа, яшчэ ў раннім дзяцінстве, калі ў дзіцячым садку іграла на ранішніку сцэнку, дзе паказвала, як вяжа яе бабуля? Гэта быў першы сцэнічны вопыт. Потым пайшлі розныя вулічныя гульні, у якіх малыя падшыванцы парадзіравалі дарослых – бацькоў, настаўнікаў. Зразумела, удзельнічала ў школьных імпрэзах, дзе ставіла і паказвала сцэнкі, займалася ў розных тэатральных студыях. Яе вабіла, быццам зацягвала сама ігра.
Тэатральная студыя пры Палацы культуры ААТ «Віцебскдрэў», дзе Ніна займалася, паказвала свой спектакль у Коласаўскім тэатры. Гэта быў свайго роду прагляд з удзелам выкладчыкаў з тэатральна-мастацкага інстытута. Яны шукалі будучых студэнтаў. Нікога не адзначылі, толькі яе, праўда… занадта юную для паступлення. «У вас камедыйны дар», – казалі ёй. А яна не зразумела, перапытала: «У мяне камічны дар, я камічная актрыса?» Пасля гэтага паказу ў яе нібы дах знесла. 
Дзяўчынка не спала, жыла ў нейкай сваёй рэальнасці. Родныя гэта заўважылі і вырашылі дапамагчы. У адной з цётак была прыяцелька, якая сябравала са Святланай Акружной. Звярнуліся да вядомай актрысы, папрасілі паглядзець. І вось Ніна ў гасцях у Святланы Арцёмаўны. Хваляванне перапаўняла яе. Сам вобраз выдатнай актрысы з’яўляўся для яе нечым недасягальным. Чытала нейкія вершы, а больш проста гутарылі. З таго часу Акружная стала для яе першым сапраўдным настаўнікам па жыцці і ў творчасці. З яе ўсё па-сапраўднаму для Ніны і пачалося.
Усе дарогі вялі ў Коласаўскі
Ніна адчувала, што далей трываць не можа. Было моцнае жаданне вырвацца з гэтай прасторы. Знайшла ў бібліятэцы даведнік, адкрыла раздзел «Тэатральныя навучальныя ўстановы». Спынілася на Ніжнім Ноўгарадзе (тады ён яшчэ меў назву Горкі). Туды можна было паступіць пасля базавай школы. Родныя вырашылі: «Хай едзе, абламаецца і вернецца». Але Ніну прынялі. Яна атрымала самыя высокія балы. Педагогам курса была Рыва Якаўлеўна Левітэ, жонка вядомага акцёра Вацлава Дваржэцкага. 
На жаль, па асабістых прычынах не давялося закончыць тэатральнае вучылішча. Пэўны час вучылася ў Маскве на падрыхтоўчых курсах пры школе-студыі МХТ ў Авангарда Лявонцьева. А ў 1998 годзе Ніна Обухава прыйшла на працу ў Коласаўскі тэатр. А вучобу прадоўжыла завочна ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастац­тваў, спачатку на акцёрскім (курс народнай артысткі Беларусі Ліліі Давідовіч), а пазней і на рэжысёрскім аддзяленні ў заслужанага дзеяча мастац­тваў Рэспублікі Беларусь Валерыя Анісенкі. 
Дэбютавала Ніна Аляксандраўна ў ролях Кітаянкі са спектакля «Дацкая гісторыя» Адольфа Шапіры паводле Х.-К. Андэрсена і Палаг’і з казкі «Кацігарошак» Валерыя Маслюка. Яго актрыса таксама лічыць сваім настаўнікам, хоць разам не так многа давялося праца­ваць. Ад яго яна, мабыць, упершыню пачула добрую беларускую мову, зразумела, што яе прыгажосць зале­жыць ад самога чалавека, які гаворыць на ёй. Ніна іграла сястру Кацігарошка, зачараваную Змеем Гарынычам. Калі малады герой падносіў сон-кветку да яе, чары знікалі. Маслюк на рэпетыцыях пытаў: «Табе калі-небудзь дарылі такую кветку? А я – магу». 
Вось такія моманты Ніну заўсёды ўражвалі, калі пачынала ўзнікаць трансфармацыя. Многаму яе навучыў і Юрый Лізянгевіч, рэжысёр-коласавец. Ніна Аляксандраўна сыграла ў двух чэхаўскіх спектаклях, якія ён паставіў: Вару ў «Вішнёвым садзе» і Машу ў «Чайцы». У абедзвюх ролях шукала нейкія балявыя кропкі, што закраналі і яе асабіста. Хацелася знайсці тое, што яе непако­іць, каб гэтыя вобразы і праз яе прайшлі. Галоўная рыса Вары – надломленасць псіхікі, закамплексаванасць, няўпэўненасць у сабе. Асабліва ўдалася ёй роля Машы, гэта адзначалі і крытыкі. Актрыса паказвала абдзеленасць гераіні, яе выключанасць з поля шчасця, сонца, святла.
Спектакль – справа супольная
Ніна Обухава лічыць, што спектакль – справа супольная, і таму акцёр павінен праяўляць ініцыятыву на сцэнічнай пляцоўцы, прапаноўваць нейкія свае варыянты, выстройваць разам з рэжысёрам партытуру сваіх роляў. Асабліва гэта ўвасобілася ў працы з Віталем Баркоўскім. Гэта былі дзіцячы спектакль «А пры чым тут Кашчэй?» і дзве пастаноўкі для дарослага гледача. У спектаклі «І смех, і слёзы, і Любоў» па п’есе У. Набокава «Падзея» яна сыграла ролю скрыпачкі Нікаладзе. Дарэчы, спатрэбілася музычная школа, якую калісьці скончыла. 
У спектаклі «Прывітанне, Альберт» стварыла вобраз Элен Дзюкас, сакратаркі Эйнштэйна. Цікава было працаваць і з Рыдам Таліпавым, які вельмі тонка адчуваў акцёра, яго псіхафізіку, унутраны патэнцыял і да ўсяго яшчэ быў выдатным педагогам. Актрыса сыграла ў дзвюх яго пастаноўках – Наталлю ў «Васе» М. Горкага і Машачку ў «Мудрацах» А. Астроўскага. Гэта былі прыкметныя работы. Ніна Алякандраўна змагла паказаць унутраную крохкасць сваіх гераінь. Паступова адбываўся творчы рост актрысы. Рэжысёры быццам заўважалі, што Ніна Обухава можа значна больш, чым ёй прапаноўвалі. Але чамусьці схіляліся да іншых актрыс. Як кажуць, справа густу. Рэжысёр 
Ігар Баярынцаў прапанаваў ёй ролю Евы ў тонкім, камерным увасабленні «Восеньскай санаты» Інгмара Бергмана. Гэта другі па значнасці вобраз у п’есе. Ізноў Ніна ішла ад сябе, прыгадваючы свае дзіцячыя гады і сваіх родных лю­дзей, трансфармуючыся ў персанажа, але зазіраючы пры тым і ў сховы сваёй душы. А потым былі Рэбека з драмы Эвальда Флізара «Леанарда», Ангустыяс з драмы Ф.-Г. Лоркі «Дом Бернарды Альбы». 
Але ў асноўным былі эпізадычныя ролі, альбо «другі склад», уводы, замены. І тут прыйшла думка аб рэжысуры. Спачатку гэта быў школьны тэатр пры сярэдняй школе № 30. Дзеці выступілі ў калоніі для непаўналетніх. Выступілі даволі ўдала, і кіраўніцтва выпраўленчай установы прапанавала Ніне ўзяць на сябе тэатр пры калоніі. Гэта была рызыкоўная рэч, але Ніна пага­дзілася. У 2011 годзе яна паступіла ў Беларускую акадэмію мастацтваў на рэжысёрскае аддзяленне. Кіраўніком курса быў Валерый Анісенка.
На ніве рэжысуры
Першай самастойнай рэжысёрскай работай на коласаўскай сцэне была казка «Казявачка» па п’есе Таццяны Уфімцавай. Вельмі лёгкі, даволі тэатральны тэкст. Але пры ўсёй лёгкасці там быў закладзены і зусім не дзіцячы змест. Бо галоўная гераіня – сірата, ад чаго і пакутуе. Незадоўга да гэтага пайшла з жыцця маці Ніны, і сумны факт, магчыма, таксама паспрыяў выбару п’есы. Казка і па сённяшні дзень ідзе з поспехам як на выязных пляцоўках, так і на камернай сцэне Коласаўскага тэатра. Ужо нават змянілася некалькі складаў выканаўцаў.
Дыпломнай работай стаў спектакль «Цень думкі нашай…», пастаўлены па п’есе «Цені» беларускага класіка першай паловы XX стагоддзя Францішка Аляхновіча. Прадвызначанасць лёсу чалавека стала галоўнай у пастаноўцы. Яшчэ адной рэжысёрскай працай стала рамантычная камедыя Сяргея Гіргеля па матывах французскай драматургіі «Самая жаданая». Рэжысёр змагла ўскладніць лёгкі жанр і перавесці антрэпрызны твор у разрад некамерцыйных спектакляў. 
Найперш гэтаму паспрыяла добрая, шчырая ігра вядомых акцёраў – народнага артыста Беларусі Тадэвуша Кокштыса і Наталлі Аладкі (сёння ў цэнтральнай ролі выступае сама Ніна Обухава). Спектакль распавядае пра пошукі кахання, пра тое, што ніякае мастацтва, ніякая творчасць не заменяць душы блізкага табе чалавека. «Дзядзечкаў сон» паводле аповесці Фёдара Дастаеўскага быў творчым праектам народнага артыста Беларусі Тадэвуша Кокштыса. Прабіваць яго давялося на працягу васьмі гадоў. 
Рэжысёрам-пастаноўшчыкам і аўтарам інсцэніроўкі выступіла Ніна Обухава. Спектакль не паўтарае іншыя інтэрпрэтацыі твора Дастаеўскага, а, можа, у нечым сваёй арыгінальнасцю прачытання і падачы матэрыялу і спрачаецца з ранейшымі пастаноўшчыкамі. У лістападзе 2023 года спектакль «Дзядзечкаў сон» быў паказаны ў Старай Русе на XXVII Міжнародным тэатральным фестывалі Ф. М. Дастаеўскага, меў поспех у гледача і атрымаў добрыя водгукі расійскіх прысутных крытыкаў.
Ролі апошніх гадоў
Моцна трымае і не адпускае асноўная прафесія – акцёрская. На працягу апошняга дзесяцігоддзя Ніна Обухава стварыла шэраг цікавых вобразаў. Сярод іх – Мама і Галіна Сяргееўна з драмы «Пахавайце мяне за плінтусам» паводле аповесці П. Санаева, Фока з меладрамы «Матылёк… Матылёк…» А. Нікалаі, Еўдакія з інтэрактыўнай камедыі «Пёс Белага вострава» А. Дударава, Жанчына з «Бальніцы на краі свету» Х. Бойчава, шаптуха Аўдоцця з казкі «Чароўны хлопчык» А. Замкоўскага, Соф’я з меладрамы Уладзіміра Гуркіна «Саня, Ваня, з імі Рымас», Дзёмчыха з ваеннай драмы «Сотнікаў» паводле Васіля Быкава, Актрыса, Другі магільшчык і Смерць з «Гамлета» Уільяма Шэкспіра…
Ніна Обухава можа выйсці на сцэну ў невялічкім эпізоде, але ён запамінаецца нават больш, чым вялікія ролі ў некаторых іншых акцёраў. Бо за гэтым выхадам прасочваецца жыццёвы лёс персанажа. Цікавыя трагікамедыйныя вобразы Актрысы, Другога магільшчыка і Смерці стварыла Ніна Аляксандраўна ў шэкспіраўскім «Гамлеце» – адной з апошніх прэм’ер тэатра. Яны яшчэ раз пацвярджаюць думку пра ўніверсальнасць прыроды гэтай актрысы, пра яе шырокі дыяпазон.

Вернуться