Новости
17 июня 2024 года
Экспазіцыя «Віцебск у мініяцюры» адкрылася ў Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнага мастацтва
Абласная выстава-конкурс «Віцебск у мініяцюры», прысвечаная 1050-годдзю Віцебска, адкрылася ў Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнага мастацтва.
Прадстаўлена больш за 150 экспанатаў. Гэта інсталяцыі і кампазіцыі, выкананыя ў розных тэхніках: графіка, маляванка, кераміка, ганчарства, вышыўка, выцінанка. Аснову экспазіцыі складаюць карціны знакавых мясцін нашага горада. З лёгкасцю можна пазнаць Свята-Успенскі кафедральны сабор, Благавешчанскую царкву, прыгожыя вуліцы і ўтульныя скверы.
— Падчас працы выстава будзе папаўняцца новымі экспанатамі, — расказала начальнік аддзела традыцыйнай культуры Таццяна Лапкова. — Зараз прадстаўлены работы як вядомых майстроў, так і вырабы студэнтаў Віцебскага дзяржаўнага універсітэта імя П. М. Машэрава і Віцебскага дзяржаўнага каледжа культуры і мастацтва.
Экспазіцыя будзе працаваць да 6 ліпеня. І няхай прыгажосць нашага горада прадстаўлена ў мініяцюры, кожны з нас адчувае яго велічнасць.