Настройки
Настройки шрифта
Arial
Times New Roman
Размер шрифта
A
A
A
Межбуквенное расстояние
Стандартное
Увеличенное
Большое
Цветовая схема
Черным
по белому
Белым
по черному
Витебский городской исполнительный комитет
Главная / Новости

Новости

17 июня 2024 года

Родная кроў. Георгій Арлоў, нягледзечы на гучнае прозвішча, меў вясковыя карані

Бацькі яго — Іван Малахавіч і Еўдакія Мацвееўна — праз сваю сялянскую цягавітасць, кемлівасць і руплівасць былі людзьмі заможнымі, з моцнай гаспадаркай. Таму і выправілі сына на вучобу ў Віцебск. Другое гарадское вучылішча юнак скончыў у 1909 годзе. І быў прыняты на службу ў губернскую Казённую палату, што з’яўлялася філіялам Міністэрства фінансаў Расійскай Імперыі, кіравала дзяржаўнай маёмасцю, наглядала за паступленнем у казну ўсіх даходаў і падаткаў.

Але нядоўга малады чалавек праслужыў чыноўнікам. З пачаткам вайны ён, як ратнік Дзяржаўнага апалчэння першага разраду, падлягаў тэрміновай мабілізацыі і быў адразу прызваны ў войска. Там, звярнуўшы ўвагу на яго адукацыю, накіравалі ў батальённую вучэбную каманду, адкуль выйшаў малодшым унтэр-афіцэрам. Пасля непрацяглага знаходжання ў рэзервовым палку яго камандзіравалі ў Кіеўскую школу прапаршчыкаў, дзе займаўся па паскоранай праграме — у дзеючай арміі даволі хутка адчуўся востры кадравы голад на афіцэраў, асабліва малодшых. Гінула іх шмат — праз слабую баявую падрыхтоўку ніжніх чыноў, у аснове сваёй непісьменных, прыбітых гаротным жыццём учарашніх сялян, што губляліся ў нязвычнай сітуацыі. І каб падняць іх, аглушаных, у атаку, новаспечаны афіцэр першым ахвярна падстаўляў сябе пад кулі. Міхаіл Зошчанка ўспамінаў: «Прапаршчык заставаўся жывым на вайне ў сярэднім не больш як 12 дзён». 

Суровы лёс чакаў і Георгія Арлова. У верасні 1915 года ўжо прапаршчыкам ён прыняў сёмую стралковую роту 16-га Фінляндскага стралковага палка. У гэты час полк вёў баі ў раёне Вільні, паміж рэкамі Вілія і Нёман. Немцы флангавамі ўдарамі спрабавалі загнаць рускія палкі ў «мяшок». Цягам сустрэчных баёў Вільню ўдалося ўтрымаць, немцы панеслі цяжкія страты. Аднак ад задумы не адмовіліся. Папоўніўшы сваю армію свежымі сіламі, разгарнулі наступленне на Свянцяны, занялі Вілейку. Перадавыя раз’езды кайзераўскай конніцы дайшлі нават да ракі Бярэзіны паблізу горада Барысава. На гэты раз Вільню давялося пакінуць. 

Але цяпер ужо рускае камандаванне сканцэнтравала свае дывізіі для рашучага контрудару і вялікімі высілкамі здолела ліквідаваць Свянцянскі прарыў. Толькі якой цаной — пасля зацяжных гарачых баёў пад мястэчкам Крэва і вёскамі Богушы, Шылавічы, Чаркасы на Беларусі ад 16-га Фінляндскага стралковага палка засталася рота.

Полк быў пераведзены ў тыл на адпачынак і ўкамплектаванне. А паранены асколкамі ў галаву прапаршчык Арлоў апынуўся ў франтавым шпіталі. У свой полк вярнуўся, калі той увайшоў у склад 8-й арміі генерала Аляксандра Каледзіна.

На першым этапе славутага Брусілаўскага прарыву рускае войска нанесла цяжкую паразу аўстра-венгерскай арміі, авалодаўшы горадам Луцк. Галоўнакамандуючы Паўднёва-Заходняга фронту генерал Аляксей Брусілаў загадаў 8-й арміі пайсці на штурм горада Ковеля — важнейшага чыгуначнага вузла, што меў стратэгічнае значэнне. Аператыўнага прастору для манеўраў у рускага войска не было. Каб штурмаваць Ковель, неабходна было спачатку фарсіраваць раку Стаход. Сама па сабе яна невялікая, але даволі глыбокая. Працякае па балоцістай мясцовасці. Ды і дабрацца да чыстай вады магчыма толькі вялікімі тарфянымі балотамі. Да таго ж немцы і аўстра-венгры займалі высокі бераг ракі, а рускім для наступлення дастаўся нізкі і спадзісты. Непрыяцель грунтоўна падрыхтаваўся для абароны, падагнаў артылерыю. У небе панавалі нямецкія знішчальнікі і бамбавозы, для барацьбы з якімі ў рускіх не хапала ні аэрапланаў, ні зенітных батарэй.

Артылерыйская падрыхтоўка рускіх пачалася раніцай, але была нядоўгай і асаблівай шкоды непрыяцелю не зрабіла. Надзвычай ахвярны бой працягваўся да позняга вечара і скончыўся для рускіх воінаў на зыходных пазіцыях.

Адзіным поспехам у наступныя суткі стаў захоп плацдарма каля панскага двара Чэрвішча на тым сектары левага берага ракі, дзе абарону трымалі венгры. У жорсткім баі за яго і загінуў камандзір 7-й роты 16-га Фінляндскага палка прапаршчык Георгій Арлоў. Малады афіцэр павёў роту ў атаку, але пад моцным кулямётным агнём салдаты залеглі, не падымаючы галавы. Баявы парадак роты разладзіўся.Тады прапаршчык Арлоў падняўся ва ўвесь свой рост і кінуўся наперад, здолеў уварвацца ў венгерскі акоп, дзе, як было адзначана ў загадзе аб узнагароджанні, «был убит, смертью своею запечатлев содеянный им подвиг». 

Пасмяротна Георгій Арлоў быў павышаны ў званні да падпаручніка і ўдастоены ордэна Святога Георгія 4-й ступені. З усімі воінскімі ўшанаваннямі пахавалі баявога афіцэра на радзіме — у мястэчку Заронава ля царквы Святога Ануфрыя. На магіле паставілі гранітны помнік з надпісам «Падпаручнік Георгій Іванавіч Арлоў, доблесна загінуў на Аўстрыйскім фронце. Год нараджэння 1892. Горача любімаму сыну і таварышу ад саслужыўцаў Віцебскай Казённай палаты».

Мінулі віхурныя гады сацыяльных узрушэнняў, што змянілі спрадвечны і да гэтага непахісны ўклад жыцця. У 1924 годзе царкву ў Заронаве зачынілі. Пэўны час у ёй дзейнічалі сельская бібліятэка і клуб. У Вялікую Айчынную вайну будынак быў узарваны. Неяк непрыкметна кудысьці знік і гранітны помнік… Але дзякуючы стваральніцы мясцовага музея Людміле Нікіцінай яго ўдалося знайсці. Неяк яна арганізавала аднавяскоўцаў на ўборку тэрыторыі, дзе калісьці стаяла царква. Узгорак апанавалі калючы чартапалох, здзічэлая трава, пераплеценыя паміж сабой хмызнякі. За справу ўзяліся дружна. Заспявалі косы, натужна зазвінелі нажоўкі, зашаргацелі граб­лі. 

Адзін з мужчын ступіў на край канавы, расхінуў касой парыжэлую вялую траву, прайшоўся ўздоўж — і ўгледзеў на дне, крыху падтопленым чорнай смуроднай вадой, даўні надмагільны помнік з шырокім квадратным пастаментам і металічным крыжам. Вяскоўцы скокнулі на дно канавы, спавілі помнік вяроўкамі і выцягнулі на сухі грудок. Ачысцiлі ад бруду, саскрэблі бурыя плямы іржы. Надпіс на адным з бакоў захаваўся добра і прачытаўся лёгка. Гэта быў помнік, пастаўлены на магіле падпаручніка Георгія Арлова. 

Але хто такі Георгій Арлоў? Роспыты вяскоўцаў вынікаў не далі. Тады Людміла Нікіціна напісала ў мясцовыя газеты артыкул пра незвычайную знаходку з надзеяй, што прачытае яго нехта з нашчадкаў героя. Прачытае і абавязкова адгукнецца. І гэты разлік спрацаваў. Людміла Канстанцінаўна атрымала неўзабаве ліст ад навапалачаніна Юрыя Восіпава, які аказаўся — вось сапраўдная ўдача для даследчыка — унучатым пляменнікам Георгія Іванавіча, шчыра ўзрадаваным, што знайшлося, нарэшце, месца вечнага супакаення слаўнага продка.

Юрый Уладзіміравіч перадаў Людміле Нікіцінай тры фота­здымкі. На двух прапаршчык засняты ў вайсковай форме. На першым — стомлена адкінутым на спінку драўлянай лаўкі, на другім — поплеч з франтавым таварышам. Абодва фізічна моцныя, з валявымі адкрытымі тварамі, упэўненыя ў сабе, з адчуваннем сваёй нязломнай сілы. Маладая энергія струменіць са светлых вачэй. А недзе ж ішла вайна, чакаючы ад іх поўнай ахвярнасці… Як жа склаўся лёс невядомага франтавога таварыша?

Трэці здымак зроблены, відавочна, яшчэ ў мірную пару, бо сфатаграфаваны будучы афіцэр у ладна скроеным і адмыслова падагнаным да статнай фігуры стыльным цывільным гарнітуры, белай кашулі і гальштуку-бабачцы.

Здымкі гэтыя і паклалі пачатак новай экспазіцыі Заронаўскага народнага музея, прысвечанай Георгіеўскаму кавалеру Першай сусветнай вайны Георгію Арлову. Іх дапоўнілі матэрыялы, атрыманыя паводле запытаў з Расійскага дзяржаўнага ваеннага гістарычнага архіва, — копіі паслужнога спісу камандзіра 7-й роты 16-га Фінляндскага стралковага палка прапаршчыка Г. І. Арлова, яго рапарты камандзіру стралковага батальёна, а таксама афіцэрскай палявой кніжкі. 

Людміла Канстанцінаўна і яе сын Станіслаў — заўзятыя краязнаўцы. Любое адкрыццё для іх — вялікая радасць і даўгачаканая ўдача. Аднойчы яны вырашылі паглядзець стары альбом, які захоўвала бабуля Таліна, родная сястра Андрэя, дзеда Станіслава. Адгарнулі адну старонку, другую, трэцюю, уважліва разглядаючы даўнія фотаздымкі. І раптам…

— Ад нечаканасці ў нас на нейкі момант мову адняло, — успамінае, усміхаючыся, Станіслаў. — Я, збянтэжаны, паглядзеў на маму, яна на мяне… На адным са здымкаў, ужо да болю знаёмых, на нас пазіраў прапаршчык Арлоў. Перавярнулі здымак, а на зваротным баку — бабулін надпіс: «Папин дядя». Вось гэта быў сюрпрыз! Мы ўскочылі з месца, запляскалі ў далоні, абняліся. Так мы і даведаліся, што я, унук свайго дзеда, з’яўляюся ўнучатым пляменнікам самога Георгія Іванавіча Арлова — для мяне цяпер не толькі земляка, але і кроўнага сваяка.

Вернуться