Настройки
Настройки шрифта
Arial
Times New Roman
Размер шрифта
A
A
A
Межбуквенное расстояние
Стандартное
Увеличенное
Большое
Цветовая схема
Черным
по белому
Белым
по черному
Витебский городской исполнительный комитет
Главная / Новости

Новости

31 июля 2024 года

Зінаіда Гурбо, старэйшая актрыса Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа, адзначыла юбілей

 

Зінаіда Міхайлаўна ўсё сваё жыццё прысвяціла служэнню сцэнічнаму мастацтву. Яе творчы шлях (а гэта без малага 60 год) звязаны толькі з Коласаўскім тэатрам. Нягледзячы на сталы ўзрост, яна працягвае выходзіць на сцэну і радаваць гледача сваім майстэрствам.
Нарадзілася ў вёсцы Ванькоўшчына Слуцкага раёна Мінскай вобласці. У дзяцінстве вельмі любіла чытаць беларускую літаратуру і таму добра адчувала роднае слова. У школе ўдзельнічала ў самадзейнасці, атрымлівала перамогі на конкурсах чытальнікаў на раённым і нават рэспубліканскім узроўнях, бо мела багаты голас з прыгожым тэмбрам, добрае беларускае вымаўленне. Неяк адна з членаў журы (на той час Зінаіда Міхайлаўна ўжо працавала старшай піянерважатай непадалёк ад сваёй малой радзімы) спытала ў яе: «А вы не спрабавалі паступаць у тэатральны інстытут?» А яна нават і не ведала, што такі існуе. Паспрабавала — і яе прынялі, нягледзячы на вялікі конкурс.


На размеркаванні ў 1965 годзе яна сама выбрала Коласаўскі тэатр. Тут працавалі выдатныя артысты: Аляксандр Ільінскі, Цімох Сяргейчык, Анатоль Шэлег, Мікалай Звездачотаў, Ядвіга Радзялоўская, Яніна Глебаўская, Фёдар Шмакаў, Зінаіда Канапелька. І трапіць сюды было няпроста.

Першай значнай роляй стала Брунгільда ў антыфашысцкім спектаклі «Гарачае лета ў Берліне» па рамане аўстралійскай пісьменніцы Дзімфны К’юсак. Гэта быў не цэнтральны вобраз, але маладая актрыса была ўжо шчаслівая, бо працавала ў тандэме з Цімохам Сяргейчыкам, які іграў яе бацьку, прафесара Шонхаўэра.

Зінаіда Гурбо (тады яшчэ Ліневіч) прыйшла ў Коласаўскі ў якасці сацыяльнай гераіні, хоць і даводзілася іграць рознапланавыя ролі. У гэтым амплуа паспяхова працавалі Галіна Маркіна, Тамара Шашкіна, крыху пазней Таццяна Мархель. Таму і даводзілася часцяком іграць у другім складзе. Так, з Галінай Маркінай яна дзяліла ролі Калугінай у «Саслужыўцах» Э. Брагінскага і Э. Разанава (пазней па гэтай п’есе быў зняты фільм «Службовы раман») і Зосі Савіч у «Сэрцы на далоні» Івана Шамякіна. Сярод работ першага перыяду можна таксама прыгадаць яе Галю, старэйшую дачку Калабка ў «Трыбунале» Андрэя Макаёнка; найбольш цвёрдую, прынцыповую сярод іншых, Маўру Пакрытчанка з «Праўды і крыўды» М. Стэльмаха; Таню, каханую дзяўчыну галоўнага героя з драмы «Усім смярцям назло» У. Цітова; Галю з «Чатырох крыжоў на сонцы» А. Дзялендзіка; Кір’янаву з інсцэніроўкі аповесці Б. Васільева «А зоры тут ціхія…»; санітарку Надзю з «Вайны пад стрэхамі» А. Адамовіча.

У жыцці Зінаіда Міхайлаўна стварае ўражанне вельмі інтэлігентнага, сціплага, стрыманага чалавека. Але на сцэне яна можа дэманстраваць зусім іншыя якасці — быць суровай, жорсткай, упартай, нястрыманай і нават вульгарнай у нейкіх ролях. Усе гэтыя якасці можа аб’ядноўваць адно вызначэнне — «жанчына з характарам». Прыгадаем яе фанабэрыстую, ганарлівую Ірэну з «Брыльянта» Е. Пшэздзецкага, мужную, высакародную лэдзі Глостэр з «Генры VI» У. Шэкспіра, разбэшчаную Наталі з «Кахання па перапісцы» Л. Вашко, Серафіму Ільінічну, цешчу Падсякальнікава з трагікамедыі «Самазабойца» М. Эрдмана, Джэнет Фішар з камедыі Н. Саймана «Гэты страсна закаханы».

Іншым разам у гэтых жаночых гісторыях прасочвалася журботная нота, калі актрыса праз вонкавую зацятасць, стрыманасць, валявую моц, самадастатковасць магла паказаць безабароннасць, неўладкаванасць, прагу да простага сямейнага шчасця сваіх гераінь. Гледачы сталага веку памятаюць яе Агюстыну з дэтэктыва Р. Тама «Восем жанчын закаханых» (першая пастаноўка гэтай п’есы 1978 года) — недарэчную, смешную, наіўную, але кранальную ў сваім амаль дзіцячым эгаізме. Гэта была адна з лепшых акцёрскіх работ у спектаклі, жанчына выклікала і смех у глядзельнай зале, і спачуванне, бо перад намі быў жывы чалавек з усімі яго супярэчнасцямі.

З апошніх работ Зінаіды Гурбо трэба вылучыць яе Бернарду ў сумесным беларуска-балгарскім праекце «Дом Бернарды Альбы» Ф.-Г. Лоркі.Роля такога маштабу — мара любой актрысы. Гэта быў сапраўдны падарунак лёсу. Зінаіда Гурбо выдатна перадала рысы, уласцівыя яе персанажу, гаспадыні дома, дзе пануе цемра і страх, — жорсткасць, валявую моц, нецярплівасць да іншых поглядаў і думак, упэўненасць у непахіснасці гэтага парадку рэчаў.
У 2016 годзе актрыса падрыхтавала самастойную работу — монаспектакль «Незагойная рана». Спярша ён быў паказаны на адной з гарадскіх пляцовак, а потым прадстаўлены мастацкаму савету тэатра і па яго рашэнні ўвайшоў у рэпертуар тэатра. Кожная з выбраных навел была ўключана ў монаспектакль невыпадкова. «Незагойная рана» Васіля Быкава і Memento mori Янкі Брыля ўваходзяць у школьную праграму. Іх з задавальненнем чытаў унук актрысы, і густ падлетка сыграў не апошнюю ролю. А «Балада пра смяротнікаў» Уладзіміра Караткевіча даўно запала ў яе душу: неяк, рыхтуючыся да вечара, прысвечанага беларускаму класіку, яна наткнулася на гэты драматычны верш. І прачытаўшы аднойчы, не змагла яго забыць.
У снежні 2018 года монаспектакль «Незагойная рана» ўдзельнічаў у Міжнародным тэатральным фестывалі «Театральное вече», прысвечаным 75-годдзю вызвалення Вялікага Ноўгарада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Работа актрысы атрымала самую высокую ацэнку крытыкаў і гледачоў і, між іншым, сабрала такую прэсу, як ніводны іншы спектакль, паказаны на фестывалі.
Увогуле актрыса радуецца і прымае з задавальненнем любую творчую прапанову. Гэта і ўдзел у дзіцячых навагодніх ранішніках, і, здавалася б, нязначныя, на першы погляд, ролі. І выконвае іх шыкоўна. Успомнім яе няньку Фядоссю з «Апошніх» М. Горкага альбо служанку Сэлію з п’есы Ф. Саган «Скрыпкі часам вядуць да вар’яцтва», дзе гераіні больш маўчаць, чым уступаюць у гутаркі, спрэчкі. Але якое змястоўнае, напоўненае гэта маўчанне! Апошняя па часе яе работа — Смерць і Луізон, малодшая дачка Аргана ў спектаклі «Нібыта хворы» па п’есе Ж.-Б. Мальера.
Трэба прыгадаць яшчэ адну прафесію Зінаіды Міхайлаўны. На працягу многіх гадоў яна выконвала абавязкі памочніка рэжысёра, каардынавала работу розных службаў падчас спектакляў альбо рэпетыцый. І тут ёй (ды і ўсім яе калегам) дапамагалі добрыя чалавечыя і прафесійныя якасці Зінаіды Міхайлаўны. Перш за ўсё гэта сапраўдная інтэлігентнасць, тактоўнасць, стрыманасць, добрыя ўважлівыя адносіны да калег у спалучэнні з патрабавальнасцю.

У гэтым годзе ў жыцці актрысы адбылася прыемная падзея. Беларускі саюз тэатральных дзеячаў за значны ўклад у развіццё беларускага сцэнічнага мастацтва адзначыў Зінаіду Гурбо спецыяльным прызам «Крыштальная зорка».

Авторское право «Витьбичи»

 

Вернуться