У пачатку вялікага шляху: Коласаўскаму тэатру – 100 гадоў
Пачынаем аповед пра гісторыю Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа. Сёння пойдзе размова аб тым, як рыхтавалася і адбывалася адкрыццё БДТ-2 – будучага Коласаўскага тэатра.

У гэтым будынку на Смаленскай плошчы размяшчаўся спачатку тэатр
Студыя
Коласаўскі пачаўся з Беларускай драматычнай студыі ў Маскве, якая адкрылася ў 1921 годзе: 12 верасня ЦК УКП (б) прыняў рашэнне аб яе стварэнні пры Маскоўскім мастацкім тэатры – 2.
Цікава, што з 1924 года студыя існавала як вышэйшая навучальная ўстанова. Тады яшчэ ніхто не ведаў, што яе выпускнікі ўтвораць нацыянальны тэатр у Віцебску, бо ў тыя часы там працаваў свой губернскі рускамоўны тэатр, прычым ён быў не адзіны ў горадзе. Меркавалася, што студыя будзе рыхтаваць акцёраў для Першага нацыянальнага тэатра ў Мінску. Педагогі імкнуліся выхаваць са студыйцаў новы тып акцёра з дасканалай сцэнічнай тэхнікай. Вялікае значэнне надавалася валоданню голасам, пластыкай цела, імправізацыі. Творчым маніфестам студыі стаў спектакль «Цар Максімільян» – народная драма ў апрацоўцы Аляксея Рэмізава і Мікалая Міцкевіча. Пастаноўшчыкі выкарысталі традыцыі італьянскай камедыі масак і беларускага народнага тэатра. Галоўную ролю цара Максімільяна выконваў Канстанцін Саннікаў, яго сына Адольфа ўвасабляў Мікалай Міцкевіч, Венерай была непараўнальная Стэфанія Станюта.

Цар Максіміліян: акцёры і стваральнікі
Наступнай работай студыі стаў «Сон у летнюю ноч» Уільяма Шэкспіра. Артысты дэманстравалі выдатныя здольнасці да імправізацыі. Менавіта гэтыя і іншыя вучэбныя работы студыі – «Вакханкі» Еўрыпіда, «Эрас і Псіхея» Ю. Жулаўскага, з сучасных – «Астап» Глобы – сталі асновай рэпертуару будучага тэатра.
Артыстаў адбіралі ў Маскве з найбольш таленавітай моладзі з усёй Беларусі. Спачатку іх было 14 чалавек. Пазней далучаліся ўсё новыя людзі, і на момант выпуску студыйцаў стала 35. Яны і склалі ядро Беларускага драматычнага тэатра – 2.
Сярод іх – такія знакамітыя постаці, як будучыя народныя артысты СССР Аляксандр Ільінскі, Павел Малчанаў і Стэфанія Станюта, народныя артысты БССР Цімох Сяргейчык, Алена Радзялоўская, Яніна Глебаўская, Раіса Кашэльнікава, заслужаныя дзеячы мастацтваў Беларусі Любоў Мазалеўская і Мікалай Міцкевіч.

Міцкевіч, Станюта, Глебаўская, Саннікаў
Не ўсе студыйцы засталіся вернымі свайму акцёрскаму прызванню. Напрыклад, Вольга Барысевіч стала рэжысёрам Вялікага тэатра Беларусі, Станіслаў Навіцкі – выдатным цымбалістам. Хтосьці з выпускнікоў быў пазней беспадстаўна рэпрэсаваны, хтосьці, як Язэп Чайкоўскі і Іосіф Катовіч, загінуў падчас Вялікай Айчыннай вайны.
Адкрыццё тэатра
Яшчэ задоўга да прыезду будучай трупы ў горадзе ішла вялікая падрыхтоўчая работа. Размясціць былую студыю меркавалася ў памяшканні губернскага паказальнага тэатра на Смаленскай плошчы, 4 (не блытаць з цяперашняй), зараз гэта плошча Леніна.
Правялі капітальны рамонт закуліснай і ўваходнай часткі, фае. У прыватнасці, пераклалі падлогу сцэны: яе зрабілі не спусцістай, як таго патрабавалі традыцыі старога тэатра, а роўнай. Замянілі каласнікі, аднавілі асвятляльную апаратуру. Месца пад аркестр выклалі на ўзор Маскоўскага мастацкага тэатра. З’явіліся новыя дэкарацыі, касцюмы. І вясной 1926 года тэатр быў гатовы да прыёму новай трупы.
На пачатаку чэрвеня ўся трупа на чале са сваім кіраўніцтвам (першы дырэктар – Алесь Ляжневіч, праз некалькі месяцаў яго замяніў Мікалай Красінскі; першы мастацкі кіраўнік Сурэн Хачатуран, брат вядомага кампазітара Арама Хачатурана) прыбыла ў Віцебск. Такі ранні прыезд тлумачыўся неабходнасцю адаптавацца да новай сцэны, адрэпеціраваць спектаклі.
Вось што ўзгадваў пазней Павел Малчанаў: «Большасць з нас упершыню ўбачылі Віцебск. Пасля Масквы ён здаваўся ціхім. Віцебская інтэлігенцыя ганарылася сваім горадам, які раскінуўся на берагах трох рэк – Заходняй Дзвіны, Віцьбы і Лучосы, ганарылася сваім гарадскім тэатрам, сваімі традыцыямі. Мы павінны былі заваяваць гэты горад, пакарыць сэрцы яго жыхароў, прымусіць іх палюбіць нас, інакш наша работа будзе марнай і непатрэбнай».

Беларуская драматычная студыя ў Маскве. 1925 год. У цэнтры В. Смышляеў
Урачыстае адкрыццё адбылося ў памяшканні былога губернскага тэатра 21 лістапада 1926 года. На ім прыстунічалі выбітныя дзеячы беларускай культуры – Янка Купала, Цішка Гартны, Змітрок Бядуля, Кузьма Чорны, Мікалай Шчакаціхін, Язэп Дыла, Францішак Аляхновіч, Міхаіл Рафальскі. Міхайла Грамыка прысвяціў адкрыццю БДТ-2 верш, які і прачытаў тут жа. З Латвіі прыехаў Яніс Райніс – славуты латышскі паэт. Для прысутных быў паказаны спектакль «У мінулы час» па п’есе беларускага аўтара Іллі Бэна.
Студыйцы прывезлі ў абласны цэнтр увесь свой рэпертуар, разлічаны найперш на тэатральна вытанчанага гледача. Віцебск быў вядомым культурным цэнтрам, але яго росквіт прыйшоўся хутчэй на пачатак 1920-х гадоў, калі тут адкрылася народная кансерваторыя, дзе выкладалі славуты Іван Салярцінскі і Мікалай Малько, тварылі і рыхтавалі сваіх вучняў у Віцебскім народным мастацкім вучылішчы Марк Шагал, Мсціслаў Дабужынскі, Казімір Малевіч, выступаў з лекцыямі Міхаіл Бахцін. Гэта быў цэнтр мастацкага авангарда. На час стварэння тэатра большасць выдатных асоб з’ехала – хто ў Расію, хтось у больш далёкае замежжа.
Мяняецца кардынальна канцэпцыя тэатра. Эстэцкая, вытанчана-мадэрнісцкая плынь змяняецца сацыялістычным рэалізмам. Тэатр паварочваецца бокам да пралетарскага гледача. Актыўна ставяцца спектаклі, што адлюстроўваюць савецкую рэчаіснасць і падзеі грамадзянскай вайны: «Разлом» Б. Лаўранёва, «Рэйкі гудуць» У. Кіршона, «Качагары» І. Гурскага. Тэатр упершыню на беларускай сцэне звярнуўся да жанру мюзікла ў спектаклі «Простыя сэрцы» па п’есе С. Заяіцкага, дзе былі паказаны падзеі і героі часоў НЭПа і быў выведзены вобраз беларускага «Астапа Бэндэра».
Авторское право «Витьбичи»