[0%]
210005, г. Витебск,
 ул. Ленина 32
пн-пт: 8.00 - 17.00, сб-вс: выходной, обеденный перерыв: 13:00 - 14:00
Меню Закрыть

Контактные данные

210005, г. Витебск, ул. Ленина 32

Достопримечательности

Ратуша 1775 год - ул. Ленина, 36

Ратуша

Першая драўляная ратуша была пабудавана ў 1597 г. пасля атрымання горадам магдэбургскага права. У 1623 г. Віцебск быў часова пазбаўлены магдэбургскага права і ратушу разбурылі. Найбольш старажытная драўляная ратуша паказана на “Чарцяжы места Віцебска 1664 года”. У гэты час яна з’яўлялася кампазіцыйным цэнтрам гандлёвай плошчы. Затым неаднаразова гарэла (1708, 1733, 1752 гг.) і зноў аднаўлялася.
У 1775 г. было завершана будаўніцтва мураванай ратушы. Яна стала кампазіцыйным цэнтрам Рынкавай плошчы і падзяліла яе на дзве часткі: адна раскрывалася перад галоўным фасадам ратушы да Віцьбы, другая знаходзілася за ратушай на поўнач. 

Ратуша – прамавугольны ў плане будынак, увенчаны ў цэнтры высокай чатырох’яруснай вежай. У яго архітэктурна-прасторавую кампазіцыю пакладзены прынцып кантрастнага супрацьпастаўлення нізкага корпуса, сціпла дэкараванага, і высокай вежы, больш насычанай дэкаратыўнымі дэталямі. Сцяна галоўнага фасада дэкаравана плоскімі пілястрамі на вышыню абодвух паверхаў і прарэзана прамавугольнымі аконнымі (на першым) і лучковымі (на другім) праёмамі. Корпус ратушы з’яўляецца п’едэсталам для вежы. Вежа мае крывалінейныя контуры, яе ярусы аддзяляюцца адзін ад аднаго складанымі карнізамі, зрэзаныя вуглы вежы дэкараваны пілястрамі, у аснове якіх дэкаратыўныя валюты. Раней вежа завяршалася шатром са шпілем, у яе верхнім ярусе быў устаноўлены гадзіннік. У архітэктуры ратушы спалучаюцца рысы барока і класіцызму.

У будынку знаходзіліся грамадскія ўстановы. У канцы XVIII ст. тут знаходзіліся паліцыя, галоўны суд, другі дэпартамент, гаўпвахта, пажарны двор; у XIX ст. – гарадская дума. Неаднаразова праводзіліся перабудовы. У 1833 г. быў зменены верх вежы: замест высокага шпілю ўстаноўлена назіральная пляцоўка з невялікай ратондай. У 1873–1875 гг. зроблены ўнутраныя перабудовы ў сувязі з перамяшчэннем на другі паверх гарадской думы, а на першы – паліцэйскага ўпраўлення. У 1910 г. гарадской управе было дазволена надбудаваць трэці паверх, што і зроблена ў 1911 г. Па праекту архітэктара Т.В. Кібардзіна. Пазней да галоўнага ўваходу дабудавалі тамбур, зроблены ўваход у падвал на галоўным фасадзе. Пасля пажару 1913 г. вежа была адрэстаўравана. 

Аднак трэці паверх парушыў прапорцыі будынка, закрыў ніжні ярус вежы і зрабіў масіўным корпус. У такім выглядзе ратуша захавалася да нашых дзён.

Па абодва бакі галоўнага фасада ратушы былі ўзведзены аднатыпныя будынкі гандлёвых радоў. Першыя паверхі іх прарэзаны шырокімі лучковымі аркамі – уваходы ў гандлёвую частку. Другія мелі маленькія прамавугольныя аконныя праёмы і служылі складам для тавараў. Прасценкі паміж праёмамі былі дэкараваны дзвюма спаранымі пілястрамі, якія стваралі рытмічны дэкаратыўны малюнак. У канцы XVIII – пачатку XIX ст. да ўсходняга і заходняга тарцоў ратушы прыбудавалі два жылыя дамы з гандлёвымі ўстановамі на першых паверхах, якія ўтварылі адзіны комплекс з унутраным дворыкам. У Вялікую Айчынную вайну была пашкоджана верхняя частка вежы з гадзіннікам. У 1946-1947 гг. гадзіннік аднавіў народны майстар С. Юшкоўскі. Будынак ратушы быў прыстасаваны пад музей.

Будынак былога жаночага епархіяльнага вучылішча 1902 год, вул.Гогаля, 6.

Будынак былога жаночага епархіяльнага вучылішча

Будынак цагляны, атынкаваны, у многіх канструкцыйных элементах выкарыстаны метал. Складаўся з некалькiх аб’ёмаў: трохпавярховага галоўнага вучэбнага корпуса i другарадных гаспадарчых i адмiнiстрацыйных пабудоў (лазарэт, дом для служачых, лазня i iнш.). Галоўны корпус – трохпавярховы будынак са скляпеннем. У плане мае Е- падобную форму. Цэнтральны аб’ём займае двухсветлавая зала. Галоўная (парадная) лесвiца вядзе з прасторнага вестыбюля на 2-гi паверх. Перакрыццi над калiдорам па металiчных бэльках. Дэкаратыўныя элементы аздаблення фасадаў вельмi стрыманыя: рустоўка сценаў 1-га паверха, абрамленне акон 2-га паверха ліштвамi, развiтае карнiзнае чляненне 3-га паверха. Афарбоўка фасадаў двухколерная: дэкаратыўныя элементы, цягі, карнізы, ліштвы вылучаны белым колерам на фоне вохрыста-залацістых сцен. У iнтэр’еры цiкавасць выклiкае паркетная падлога ў зале i асобных пакоях, сталярка акон i дзвярэй. Будынак пабудаваны на Духавай гары (вул. Гогаля).

Паводле пісьмовых крыніц, з XIV ст. на гэтым месцы існавала царква Святога Духа. Пабудаваў яе князь Альгерд і яго жонка Улляна. У далейшым царква была перабудавана. Мураваны будынак царквы быў пабудаваны на грошы віцебскіх грамадзян Бібкаў у 1792г.

Мураваная царква была крыжападобная, карынфскага ордэра архітэктуры, з дзвюма ад франтона двухпавярховымі вежамі з Купалам пасярэдзіне, асветленым васьмю вокнамі. Пры Свята-Духаўскай царкве існаваў манастыр. Першапачаткова манастыр быў жаночы, заснаваны Уллянай, затым змяніўся мужчынскім. Але гэты мужчынскі праваслаўны манастыр знаходзіўся ў заняпадзе. Каля 1697 г. быў адноўлены жаночы базыльянскі манастыр.

У 1793 г. на сродкі тых ж купцоў Бібкаў быў пабудаваны манастырскі корпус. Будынак мураваны, двухпавярховы, у даўжыню 10 саж. і 4 саж. у шырыню. Да яго прымыкаў драўляны дом, даўжынёй 21 саж., шырынёй 3 саж., у якім размяшчалася жаночае вучылішча, заснаванае пры Свята-Духаўскім базыльянскім манастыры.

У 1812 г. пад час вайны вучылішча было зачынена. Адноўлена ў 1815 г., але было ўжо не такое шматлікае. З пераходам Свята-Духаўскай царквы ад уніятаў у праваслаўнае ведамства царква і манастырскія будынкі прыйшлі ў заняпад.

2 красавіка 1864 г. па распараджэнні Свяцейшага Сінода было адкрыта Полацкае жаночае вучылішча духоўнага ведамства. Для вучылішча меркавалася прыстасаваць былы манастырскі корпус. У 1865 г. епархіяльны архітэктар Плюшчэўскі-Плюшчык агледзеў будынак і прыйшоў да высновы, што двухпавярховы мураваны крыты гонтам будынак мае моцныя сцены і пасля пераробак можа быць з выгадай выкарыстаны для новага прызначэння, як і аднапавярховыя мураваныя сцены дваровых пабудоў. Акрамя таго, архітэктар прапаноўваў зрабіць двухпавярховую прыбудову 20х5 саж., над існаваўшым корпусам надбудаваць трэці паверх і асобна пабудаваць лазню з пральняй.

Перапіска аб мэтазгоднасці прыстасавання будынкаў былога базыльянскага манастыра пад Полацкае жаночае духоўнае вучылішча працягвалася да 1868 г. Верагодна, к 1872 г. праект перабудовы манастырскіх будынкаў быў часткова рэалізаваны. У “Памятных книжках Витебской губернии” за 1880-я гг. вучылішча ўжо пазначана па вул. Духаўскай. З цягам часу расла колькасць выхаванак, вырас і штат настаўнікаў. Будынак, які займала вучылішча, быў ўжо малы, і адпаведна паўстала пытанне аб будаўніцтве новага. У 1898 г. Полацкая епархія выдзеліла сродкі на будаўніцтва новага вучэбнага корпуса, які быў узведзены ў 1901–1902 гг. Аўтар праекта галоўнага корпуса – грамадзянскi iнжынер Паўлоўскi Аляксандр Кандратавiч, аўтар праекта дапаможных службаў – цывiльны iнжынер Вiнаградаў Пётр Андрэевiч. Як сведчыць аналіз плана 1872 г. новы будынак вучылішча быў узведзены на падмурках старога манастырскага корпуса.З усяго архітэктурнага комплексу зберагліся толькі галоўны корпус вучылішча і гаспадарчы флігель. Галоўны корпус займае самае высокае месца на гары. Ён быў звязаны закрытай галерэяй з Духаўскай царквой (не захавалася). 3-павярховы з паўпадвальным паверхам будынак у плане Е-падобнай формы, галоўным фасадам выходзіць на вул. Гогаля.

Унутраная планіроўка калідорнага тыпу з аднабаковым калідорам, арыентаваным у бок двара. На першым і другім паверхах знаходзіліся вучэбныя класы, на трэцім – спальні. У цэнтры галоўнага фасада шырокі рызаліт з парадным порцікам, што вядзе ў прасторны вестыбюль. Масіўныя слупы порціка падтрымліваюць балкон актавай залы на другім паверсе. У дэкаратыўных дэталях другога і трэцяга паверхаў праяўляюцца элементы псеўдарускага стылю (ліштвы вакон у выглядзе какошнікаў і інш.)

У 1948 г. у Віцебскім філіяле інстытута “Белдзяржпраект” распрацаваны праект аднаўлення будынка былога вучылішча. Аўтары праекта Катакін і Жылка. Пры аднаўленні стылістыка фасадаў была захавана, часткова перамуравана фасадная сцяна левага крыла, знізу замураваны аконныя праёмы.

У 1970-я гады да асноўнага будынка была зроблена прыбудова, на месцы царквы Св. Духа пабудавана вежа з гадзіннікам.

Будынак былога палаца губернатара 1772 год - вул.Савецкая, 18

s000173_289075.jpg

Першапачаткова палац узведзены у канцы XVIII ст. як гарадскі асабняк, які неўзабаве быў перададзены дваранству. Гэта быў мураваны трохпавярховы будынак, прамавугольны ў плане, арыентаваны тарцовым фасадам на Заходнюю Дзвіну.З 1806 г. ён з’яўляўся месцажыхарствам генерал-губернатараў. У сувязі з гэтым пачаліся перабудовы (прыбудаваны новы двухпавярховы корпус). Яны былі закончаны ў 1811 г., калі ў Віцебск пераехаў ваенны губернатар герцаг А. Вюртэмбергскі, які і заняў гэты дом. Перабудовы праводзіліся ў канцы XIX і пачатку XX ст. (у асноўным унутраная планіроўка).

Помнік складаецца з галоўнага прамавугольнага трохпавярховага аб’ёму (XVIII ст.) і П-падобнага ў плане двухпавярховага (XIX ст.), якія ўтвараюць вялікі ўнутраны двор. У галоўным корпусе на першым паверсе знаходзіўся парадны вестыбюль з цэнтральнай лесвіцай, з абодвух бакоў вестыбюля – чатыры памяшканні і невялікія пакоі для прыслугі. На другім – службовыя пакоі губернатара: гасціная, прыёмная, кабінет. Трэці паверх адводзіўся пад жыллё сям’і губернатара.

У двухпавярховым крыле на першым паверсе размяшчаліся службовыя памяшканні праўлення і канцылярыі губернатара, на другім – вялікая зала (сталоўка), прыстасавана таксама для правядзення канцэртаў і спектакляў, у тарцовай частцы была царква.

Трохпавярховы корпус з’яўляецца характэрным прыкладам архітэктуры класіцызму. Яго галоўны фасад адзначаны цэнтральным рызалітам з порцікам, утвораным чатырма паўкалонамі дарычнага ордэра. Порцік займае вышыню ў два паверхі, на трэцім зроблены балкон, які падтрымліваюць паўкалоны порціка. Бакавыя сцены гладкія, рытмічна прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі. Вуглы галоўнага фасада і рызаліта расшыты пад руст. Архітэктура двухпавярховага крыла адлюстроўвае рысы позняга класіцызму: чатырохкалонны дарычны порцік, сцяна першага паверха расчлянёна паўкалонамі з аркатурай, што абрамляе аконныя праёмы. Вуглавая частка фасада вылучана чатырма паўкалонамі на вышыню двух паверхаў і завершана трохвугольным франтонам.

Обелиск героям войны 1812 года

s000173_273085.jpg

У дворца губернатора стоит памятник-обелиск, посвященный победе русского оружия в 1812 г. Он был сооружен витебчанами на свои средства в честь столетия изгнания французов из России (архитекторы И. А. Фомин и Т. В. Кибардин).

Будынак былога акруговага суда канец ХІХ стагоддзя - вул.Леніна, 32

Будынак былога акруговага суда канец ХІХ стагоддзя - вул.Леніна, 32

Мураваны П-падобны ў плане будынак выходзіць галоўным фасадам на пл. Свабоды. Цэнтральная частка двухпавярховага асноўнага аб’ёму падкрэслена рызалітам і выдзелена па вертыкалі 3-м паверхам. Архітэктурна-мастацкае вырашэнне фасадаў грунтуецца на традыцыйнай для класіцызму сіметрычнасці кампазіцыі. Пластыку фасадаў стварае рытм пілястраў і аконных праёмаў з ліштвамі.

У 1883 г. на Саборнай плошчы (цяпер пл. Свабоды), каля ратушы і былога езуіцкага касцёла, узведзены манументальны будынак для акруговага суда. Аўтары праекта – архітэктар І.П. Камінскі і інжынер М.Ф. Карчэўскі. У плане будынак П-падобны, асіметрычны, з крыламі неаднолькавай даўжыні. Планіроўка мяшаная калідорна-галерэйная, з мноствам вялікіх і малых адміністрацыйных і службовых памяшканняў. У цэнтральным крыле знаходзіцца парадны вестыбюль з лесвіцай, у бакавым – зала для пасяджэнняў. Інтэр’еры памяшканняў, асабліва залы, адзначаюцца багатай дэкаратыўнай аздобай. У архітэктурна-пластычным вырашэнні пераважаюць элементы неакласіцызму і мадэрна.

Будынак з’яўляецца не толькі выдатным архітэктурным помнікам, але і помнікам гісторыі. Мемарыяльная дошка на галоўным фасадзе сведчыць, што тут у 1917 г. размяшчаўся Ваенна-рэвалюцыйны камітэт, які ажыццяўляў рэвалюцыйную ўладу ў горадзе да стварэння ў студзені таго ж года Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў.

Гарадскі сядзібны дом (вуліца Пушкіна, 2)

Гарадскі сядзібны дом (вуліца Пушкіна, 2)

Помнік архітэктуры позняга класіцызму. Пабудаваны ў 2-й палавіне 19 ст. на левым беразе Віцьбы, галоўным фасадам арыентаваны да ракі. Уяўляе сабой двухпавярховы Е-падобны ў плане цагляны будынак з паўпадвальным паверхам. Галоўны фасад вылучаюць 3 шырокія рызаліты – цэнтральны і бакавыя. У цэнтральным рызаліце размешчаны галоўны ўваход, акцэнтаваны двухкалонным порцікам, які падтрымлівае на 2-м паверсе балкон з ажурнай металічнай агароджай. Завершаны рызаліт трохвугольным франтонам з акном-люкарнай. Бакавыя рызаліты завершаны трохвугольнымі франтонамі з лучковымі нішамі ў цэнтры. Паміж рызалітамі на 1-м паверсе па баках вонкавыя лесвіцы з ажурнай металічнай агароджай. У цэнтры дваровага фасада – лучковы рызаліт з лесвіцай на 2-і паверх. Па перыметры будынак абкружаны тонкапрафіляваным карнізам. Сцены прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі. Унутраная планіроўка анфіладнакалідорная.

У будынку ў 1917 г. знаходзіўся Віцебскі Савет рабочых і саддацкіх дэпутатаў, 1 – 3 (14 – 16).10.1917 г. праходзіла 1-я губернская партыйная канферэнцыя. У 1930-я гады тут размяшчаўся яўрэйскі педтэхнікум, цяпер – тэатр “Лялька”.

Былыя лабазы, вул.Чайкоўскага, 3, 5

Былыя лабазы, вул.Чайкоўскага, 3, 5

Склады (лабазы, саляныя магазіны, правіянцкія магазіны, правіянцкія склады, інтэнданцкія склады) былі пабудаваны ў канцы XVIII стагоддзя па так званых узорных праектах, якія распрацоўваліся цэнтралізавана ў Санкт-Пецярбурзе для губернскіх і павятовых гарадоў. Мураваныя лабазы мелі падабенства з гандлёвымі радамі: гэта ячэйкі-крамы, галерэі, аднак знешні выгляд карпусоў меў больш “гарадскі” характар - іх архітэктура буйнамасштабная, у ёй знайшлі прамое адлюстраванне прыёмы і формы класіцызму. Будаўніцтва вялося за дзяржаўныя сродкі.

Буйнамаштабны будынак правіянцкіх складоў, быў пастаўлены, нібы куліса на самай набярэжнай Задзвіння ў 1774 годзе. Збудаванне, якое мела спецыфічнае прызначэнне (для гандлю, захавання зерня, мукі і іншых тавараў) арганізавала працяглы фронт забудовы. Для дасягнення адзінства і буйнога маштабу доўгага рачнога фасада выкарыстаны разнастайныя чляненні: падзел ўсяго аб’ёму на тры буйныя часткі, павелічэнне сярэдняга корпуса да двух паверхаў, чаргаванне выступаў і франтонаў, рытм аконных і дзвярных праёмаў.

Да сярэдзіны XX ст. захаваліся два корпусы – цэнтральны і правы бакавы з перабудовамі. Цэнтральны корпус двухпавярховы, на галоўных восях вылучаны сіметрычна двухарачныя праёмы, паміж якімі размешчаны пілястры на ўсю вышыню будынка. Бакавы корпус аднапавярховы, дэкараваны арачнымі нішамі і пілястрамі.

У 1999 – 2004 г.г. праведзена I-я чарга рэканструкцыі (будынак па вул. Чайкоўскага, 3), II-я чарга рэканструкцыі 2006 – 2007 г.г. (будынак па вул. Чайкоўскага, 5).

Зараз у будынках былых лабазаў размешчана ДУ “Культурна-гістарычны комплекс “Залатое кальцо горада Віцебска “Дзвіна”.

Будынак былога пазямельна-сялянскага банка 1917 год вул.Даватара, 7/11

Будынак былога пазямельна-сялянскага банка 1917 год вул.Даватара, 7/11

Будаўнiцтва банка было распачата ў 1913 г. (аўтары праекта — цывiльны iнжынер Канстанцiн Канстанцiнавiч Тарасаў i iнжынер-будаўнiк Уладзiмiр Фёдаравiч Коршыкаў), аднак у сувязi з пачаткам 1-й сусветнай вайны зацягнулася да 1917 г. Апошнія вонкавыя і ўнутраныя работы вяліся ў час імперыялістычнай вайны, калі не хапала рабочых рук, будаўнічых матэрыялаў. Толькі дзякуючы намаганням аўтараў праекта будаўніцтва банка было завершана.

Выбар месца на ўскраіне горада невыпадковы. Справа ў тым, што асноўнымі кліентамі банка былі сяляне навакольных вёсак. Двухпавярховы з паўпадвальным паверхам будынак у плане П-падобнай формы. Неаднолькавыя па даўжыні і шырыні бакавыя крылы, выступаючыя аб’ёмы крылаў і рызалітаў надаюць яму негіметрычнасць. Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя вырашаецца з улікам яго вуглавога размяшчэння. Гэта падкрэсліваецца своеасаблівымі вежамі, якія фланкіруюць будынак з трох бакоў. Вырашаны яны ў эклектычных формах, асабліва вылучаецца сярэдняя вежа з масіўным карнізам у выглядзе машыкуляў і высокім двух’ярусным шатром.

Помнік вызначаецца манументальнасцю кампазіцыі, складаным маляўнічым сілуэтам, разнастайнымі дэкаратыўнымі элементамі, што надае яму незвычайны архітэктурна-мастацкі вобраз. Будынак выкананы ў “новарускім стылі”, аўтар архітэктурна-мастацкай мовай перадаў рысы нацыянальна-рамантычнай разнавіднасці рускага мадэрну. Маляўнічасць сілуэту, пластычнасць аб’ёмаў, багатая гама фактурна-каляровых рашэнняў, прыгожы рытм ліній і формаў ствараюць запамінальны вобраз і ставяць будынак віцебскага банка ў шэраг лепшых архітэктурных твораў горада.

Пры ўзвядзенні будынка выкарыстаны новыя на той час прагрэсіўныя будаўнічыя матэрыялы. Міжпаверхавыя перакрыцці, лесвічныя прыступкі і падаконныя пліты зроблены з жалезабетону. Сталярку рабілі з лепшых парод дуба.