[0%]
210005, г. Витебск,
 ул. Ленина 32
пн-пт: 8.00 - 17.00, сб-вс: выходной, обеденный перерыв: 13:00 - 14:00
Меню Закрыть

Контактные данные

210005, г. Витебск, ул. Ленина 32

«Бусел» і «Сарока-белабока»: як у віцебскім дзіцячым садзе № 72 далучаюць дашкалят да роднай мовы

Выхаванцы санаторнага дзіцячага сада № 72 горада Віцебска «Вясёлка» добра ведаюць чароўныя ветлівыя словы, любяць народныя гульні і песні. Цікавы свет беларускай мовы маленькім чамучкам дапамагаюць пазнаваць вопытныя педагогі. Карэспандэнта «Віцьбічаў» запрасілі ў «Вясёлку» на гульнявыя заняткі па развіццю маўлення з дзяцьмі чатырох гадоў.


«Добры дзень! Шчыра вас вітаем, добрага настрою жадаем!» — з гэтых прыемных слоў дзеці і іх выхавацель Вікторыя Кавалеўская пачалі занятак. Дзяўчынкі і хлопчыкі адгадалі загадкі пра птушак, а потым назвалі крылатых прыгажуноў, якія не баяцца халадоў і зімуюць у горадзе. Усе дружна пагулялі ў вядомую забаўлянку з пальчыкамі «Сарока-белабока кашу варыла…». Чатырохгодкі паспрабавалі расшыфраваць птушыныя размовы — успомнілі чыстагаворкі, склалі мазаіку з выявамі птушак і запомнілі, як выглядае жаўрук. Ён першым прылятае вясной да людзей і сваім спевам абвяшчае хуткае цяпло. Вялікае задавальненне дзеці атрымалі ад гульні «Бусел»: аднаму дзіцяці выхавацель апранула белыя крылы, а астатнія чамучкі праспявалі песню. «Бусліку» неабходна было адгадаць, хто з сяброў яго паклікаў.

Апошнім заданнем на занятку стала падрыхтоўка кармушкі для зімуючых птушак. Дзеці насыпалі ў яе семечкі гарбуза, сланечнік, зярняты і дадалі, што абавязкова на прагулцы пачастуюць вераб’ёў, сінічак. Можа, і снегіры з чырвонымі грудкамі прыляцяць на абед? Усім легкакрылым трэба добра есці, каб не замерзнуць, упэўнена сказалі хлопчыкі Ян і Гардзей.



Дашкаляты з цікаўнасцю выконвалі ўсе заданні Вікторыі Кавалеўскай, а потым заняліся афармленнем размалёвак.

Нечаканым падарункам для карэспандэнта стаў верш Якуба Коласа «Не сядзіцца ў хаце хлопчыку малому», які выдатна прачытаў Гардзей Косцін. Яго сяброўка Міра Кіб расказала верш пра коціка, які пайшоў гуляць на лёд, не паслухаўшы мудрую маці-кошку.

— З другой малодшай групай, з трохгадовымі дзеткамі, пачынаем паступова знаёміцца з беларускай мовай. Адукацыйны працэс уключае ў сябе ўзбагачэнне пасіўнага і актыўнага слоўнікавага запасу праз развучванне лічылак, пацешак, вершаў, чытанне казак. У форме гульні гэтая дзейнасць праходзіць вельмі эфектыўна, — адзначае Вікторыя Кавалеўская. — У старэйшых групах нашы выхаванцы дастаткова добра разумеюць беларускую мову, і атрыманая маўленчая практыка вельмі дапамагае ім паспяхова вучыцца ў школе.



Добры беларускамоўны прагрэс у дзяцей адзначаюць іх бацькі на ранішніках, тэматычных вечарынах. Яны дапамагаюць маленькім артыстам падрыхтавацца да святаў, вучаць разам вершы, песні і сумленна выконваюць з малышамі без перабольшвання самую прыемную дамашнюю работу — чытаюць беларускія казкі.

Нядаўна ў дзіцячым садзе № 72 святкавалі Масленіцу, яшчэ раней — Каляды. Традыцыйна тут праводзяць восеньскі кірмаш, на якім арганізуюць выставы з хатнімі прысмакамі, рэкордамі восеньскага ўраджаю, вырабамі з прыродных матэрыялаў. На свяце з творчымі нумарамі выступаюць дзеці і іх педагогі.



— Акрамя заняткаў па адукацыйных напрамках «Развіццё маўлення і культура маўленчых зносін» дзеці знаёмяцца па-беларуску з асновамі грамадзянска-патрыятычнай культуры, — расказала загадчык дзіцячага сада №72 Ірына Шаура. — Педагогі цікава праводзяць заняткі і экскурсіі, прысвечаныя вядомым мясцінам Віцебска, дзеці знаёмяцца з дзяржаўнымі сімваламі і святамі. Выхоўваем у нашых маленькіх патрыётаў любоў і добрае стаўленне да бацькоў і старэйшага пакалення. Заўсёды нагадваем, што ў нашай краіне існуе дзве дзяржаўныя мовы, іх варта ведаць і паважаць. 


Авторское право «Витьбичи»