[0%]
210005, г. Витебск,
 ул. Ленина 32
пн-пт: 8.00 - 17.00, сб-вс: выходной, обеденный перерыв: 13:00 - 14:00
Меню Закрыть

Контактные данные

210005, г. Витебск, ул. Ленина 32

Час чытаць: якія кнігі на роднай мове выбіраюць віцябляне




Напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы мы папрасілі чытачоў расказаць пра іх любімы твор беларускай літаратуры. І пацікавіліся: якую кнігу на роднай мове яны з задавальненнем атрымалі б у падарунак?



Марат КВЯЦІНСКІ, навучэнец 11 класа Ліцэя Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава: 


— Мой любімы твор — раман у вершах «Родныя дзеці» Ніла Гілевіча. Пазнаёміўся з ім у 10 класе і потым шмат разоў да яго вяртаўся, перачытваў асобныя часткі. Думкі і ўчынкі галоўных герояў — нагода для роздуму пра ўзаемаадносіны людзей розных пакаленняў, праблемы сучаснага грамадства. Вельмі люблю кнігі Уладзіміра Караткевіча, хачу ў бліжэйшы час перачытаць яго лірычныя творы. Увогуле я шмат цікаўлюся беларускай мовай і літаратурай, займаюся навукова-даследчай дзейнасцю ў галіне мовазнаўства, неаднаразова ўдзельнічаў у школьных алімпіядах. Як чалавек, які любіць чытаць, з радасцю прыняў бы ў падарунак ад блізкіх любую кнігу на роднай мове.



Уладзіслаў КАВЕРСУН, начальнік аддзела культурна-дасугавай работы Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны: 


— Мой любімы твор, які раю ўсім пачытаць, — п’еса «Паўлінка» Янкі Купалы. У творы прысутнічае нацыянальны каларыт і народны гумар, таксама ўзнята шмат сацыяльных праблем. Лічу вялікім скарбам беларускай літаратуры творы Максіма Багдановіча, з удзячнасцю атрымаў бы ў падарунак зборнік яго вершаў. Даспадобы філасофская і рамантычная лірыка беларускага класіка, успамінаюцца такія словы: «Хто мы такія? Толькі падарожныя — папутнікі сярод нябёс. Нашто ж на зямлі сваркі і звадкі, боль і горыч, калі ўсе мы разам ляцім да зор?».




Зоя ЧАРНЫШОВА, спецыяліст па правядзенні абследаванняў аддзела статыстыкі Полацкага раёна Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Віцебскай вобласці: 


— Люблю перачытваць гістарычную аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха». Твор Уладзіміра Караткевіча ўражвае сваёй глыбінёй і сэнсам. Станоўчыя героі аповесці сваімі ўчынкамі нагадваюць нам, што сапраўдная сіла — у дабрыні і чысціні душы. Наш айчынны пісьменнік вядомы сваім унікальным стылем і здольнасцю перадаваць дух беларускага народа, яго мары і традыцыі ў яркіх і маляўнічых вобразах. Чула, што ў кнігарнях з’явілася добра ілюстраванае выданне «Дзікага палявання караля Стаха», я была б вельмі рада мець яго ў хатняй бібліятэцы. 

Авторское право «Витьбичи»