Коласаўскі тэатр выступіў у Маскве ў межах Дня беларускага пісьменства
У межах святкавання Дня беларускага пісьменства Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа выступіў 4 верасня на сцэне Дзелавога і культурнага комплексу Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі. Коласаўцы паказалі спектакль «Дзеці. Вёрсты» паводле твораў народнага паэта Беларусі Якуба Коласа.

Пасля паклону падзяку за цёплы прыём са сцэны выказала вядучы майстар сцэны Святлана Жукоўская, выканальніца галоўнай ролі Кабеты. Іншыя ролі выконвалі Генадзь Гайдук, уладальнік медаля Францыска Скарыны (Станцыйны наглядчык), Дзмітрый Філімоненкаў (Васіль, сын Кабеты), Святлана Сухадолава (Саша / Ганна), Ульяна Ацясава (Марыя / Дзяўчына), Раман Волат (Круглы / Чэсь, сын Баранкевіча), Цімур Жусупаў (Саханюк / Святар), Яўген Бераснеў (Лабановіч / Баранкевіч). Узначальвала дэлегацыю дырэктар тэатра Юлія Харкевіч.
На паказе прысутнічаў кампазітар спектакля Павел Салдацікаў.

Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа неаднаразова паспяхова выступаў на сцэне Дзелавога і культурнага комплексу са спектаклямі «Прызнанне» (2015), «Как я люблю глубину твоих ласковых глаз...», «Калісь глядзеў на сонца я…» (пра Максіма Багдановіча, 2018), «Ваўкалак» паводле творчасці Я. Баршчэўскага (2022), «Гульня ў джын» Д.-Л. Коўбэрна (2023).
Прэм’ера спектакля «Дзеці. Вёрсты» адбылася 20 і 22 лістапада 2022 года і была прысвечана да 140-годдзя класіка беларускай літаратуры.
У першую чаргу унікальнасць спектакля – у пераасэнсаванні вобразаў з драматычнага абразка «На дарозе жыцця» і трылогіі «На ростанях», у тым ліку з дапамогай сучасных мультымедыйных тэхналогій. Пастаноўка, насычаная глыбокімі роздумамі, народным гумарам, лірычным спевамі, паказвае жыццё як моцную сумесь трагічных і камічных эпізодаў. Абраны і адпаведны жанр сцэнічнага твора – дарога жыцця ў сямі песнях. Менавіта на дарозе жыцця перасякаюцца шляхі Станцыйнага наглядчыка і Кабеты. Памяць адкрывае старонкі мінулага – адну за адной. Сям’я, пачуццё абавязку, немагчымасць зразумець бліжняга, любоў маці і сына, самалюбства... Класічныя героі разам з гледачамі шукаюць, як у кругазвароце дзён захаваць нешматлікія імгненні шчасця.

Яшчэ адной значнай асаблівасцю спектакля з’яўляецца тое, што ад самага пачатку над ім працавала міжнародная творчая каманда. Драматург Арцём Казюханаў, рэжысёр-пастаноўшчык Інэс Амамі, кампазітар Павел Салдацікаў – з Расіі. Мастак-пастаноўшчык Андрэй Жыгур і харэограф Сяргей Талкач – з Беларусі. Асэнсаванне класікі творцамі дзвюх краін адбылося паспяхова. Гэта пацвярджае высокая ацэнка спектакля галоўным захавальнікам фонду Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа праўнучкай Якуба Коласа Васілінай Міцкевіч, якая наведала прэм’еру. А таксама ўдзел у міжнародных фестывалях.
У 2023 годзе спектакль «Дзеці. Вёрсты» паказаны на XXXII Міжнародным фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», ХХVII Міжнародным тэатральным фестывалі «Белая Вежа» (Брэст, Беларусь). У 2025 годзе ў расійскім Навашахцінску, на IX Міжнародным тэатральным фестывалі «Любовь, чтодвижет солнце и светила» спектакль узнагароджаны дыпломам «Прыз глядацкіх сімпатый». Выканаўца ролі Кабеты Раіса Грыбовіч узнагароджана дыпломам імя народнага артыста СССР М. І. Бушнова «За лепшую жаночую ролю». Раіса Грыбовіч і Генадзь Гайдук узнагароджаны спецыяльнымі дыпломамі журы фестывалю «За высокую місію служэння тэатру».