У асобе біскупа Віцебскай дыяцэзіі кіраўніцтва вобласці павіншавала каталікоў са святам Ражства
Падзея адбылася ў Віцебску ў катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага. Намеснік старшыні аблвыканкама Вячаслаў Дурноў павіншаваў біскупа Віцебскай дыяцэзіі Алега Буткевіча са святам Ражства Хрыстова і ад імя кіраўніцтва вобласці па традыцыі ўручыў яму букет белых руж.
– Дазвольце ў вашай асобе павіншаваць са светлым святам усіх каталікоў вобласці, пажадаць, перш за ўсё, мірнага неба, стваральнай працы, утульнасці і цяпла ў доме, каб родныя і блізкія былі здаровыя і заўсёды побач, – сказаў Вячаслаў Дурноў. – Хочацца выказаць вялікую ўдзячнасць святарам за тое, што праводзяць сапраўды патрэбную і важную работу з нашай моладдзю, дарослымі і пажылымі людзьмі. Клопат пра старых – гэта тое, што пастаянна на слыху, мяркуючы па мерапрыемствах, якія ладзяцца не толькі ў Віцебскай вобласці, а і ў цэлым у Беларусі. У нас усе рэлігіі суіснуюць у згодзе, прадстаўнікі кожнай робяць усё ад іх залежачае, каб краіна станавілася ўтульным домам для жыхароў незалежна ад іх веравызнання. Мы ўдзячны Каталіцкай царкве за намаганні ў дадзеным напрамку і знаходзімся заўсёды побач. Сумеснае святканне Ражства, якое стала адной з добрых традыцый, – таму пацвярджэнне.
Як адзначыў памочнік намесніка старшыні аблвыканкама, член калегіі апарата Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей Сяргей Фадзеенкаў, на Віцебшчыне існуюць 85 каталіцкіх прыходаў, і Каталіцкая царква цалкам завяршыла такую важную дзяржаўную справу, як іх перарэгістрацыя.
– Асабліва хочацца адзначыць сацыяльнае служэнне Каталіцкай царквы і, перш за ўсё, дабрачыннага таварыства “Карытас”, якое дапамагае ў складаных жыццёвых абставінах усім, хто звяртаецца, – сказаў ён. – Многія каталіцкія місіі і брацтвы таксама не застаюцца ў баку ад спраў міласэрнасці. Дзякуючы таму, што кожны на сваім месцы – святар, вернікі, браты і сёстры, якія дапамагаюць Касцёлу, прадстаўнікі пэўных місій – уносіць уклад у агульную справу дабрачыннасці, сацыяльную дапамогу Каталіцкай царквы простым людзям цяжка пераацаніць.
Біскуп Алег Буткевіч выказаў шчырую ўдзячнасць кіраўніцтву вобласці за віншаванні.
– Божае нараджэнне – свята, якое людзі найбольш чакаюць, прычым, не толькі дзеці, але і дарослыя, – адзначыў ён. – З ім связваюць пэўныя надзеі і спадзяванні, бо з пункту гледжання тэалогіі гэта сапраўды выключная падзея ў гісторыі, калі Бог-творца становіцца чалавекам і прыходзіць, каб людзям дапамагчы ў гэтым свеце і пазней увайсці ў жыццё вечнае. Чалавек – істота, перш за ўсё, духоўная і там, дзе ёсць Бог, там ёсць Яго Святы Дух, ёсць парадак і супакой, якіх мы так шукаем сёння ў свеце, чакаем, спрабуем нейкім чынам усталяваць. Тое, што ў нашай краіне ўсе мы жывем разам, супольна, нягледзячы на канфесійныя і нацыянальныя адрозненні, дасягаецца якраз праз веру, што засталася ў нашых генах. Ад нас патрабуецца толькі яе актуалізаваць, каб вера ў Бога і надалей была жывой.
Звяртаючыся да ўспамінаў пра сваё дзяцінства, біскуп выказаў шчырую ўдзячнасць Пану Богу за тое, што вырас у каталіцкай сям’і, за тое, што нават пад час атэізму ўдавалася захоўваць хрысціянскія традыцыі і святкаваць Божае Нараджэнне ў касцёле, дзе быў святар і ладзіліся набажэнствы. Гэта пакінула адметны знак у яго асабістым жыцці і прадвызначыла далейшы лёс.
– Для нас асаблівая радасць кожны раз перажываць падзею, якая адбылася больш за два тысячагоддзі назад, – Божае нараджэнне, – сказаў біскуп Алег Буткевіч. – Хочацца пажадаць гэтай радасці кожнаму чалавеку, каб прымалі ў сваё сэрца Хрыста, які прыходзіць да нас, і лічылі Яго найвялікшым аўтарытэтам у жыцці.