[0%]
210005, г. Витебск,
 ул. Ленина 32
пн-пт: 8.00 - 17.00, сб-вс: выходной, обеденный перерыв: 13:00 - 14:00
Меню Закрыть

Контактные данные

210005, г. Витебск, ул. Ленина 32

Вiцебчан запрашаюць на ўнікальную выставу-конкурс «У гаспадара і гаспадыні»

Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці запрасіў усіх жадаючых на ўнікальную выставу-конкурс «У гаспадара і гаспадыні», каб пазнаёміць з прадметамі побыту беларускіх вяскоўцаў.




Беларуская хата – гэта цэлы сусвет! А жылі і працавалі ў ёй гаспадар і гаспадыня – два непадзельныя пачаткі, якія разам стваралі утульнасць, дабрабыт і лад. Непаўторную гісторыю жыцця перадаюць і прадметы, якія знаходзіліся вакол чалавека штодня, былі сведкамі працы і адпачынку. Кожны напаўняў побыт беларусаў з Віцебшчыны стагоддзі таму. Яны – гiсторыя, яны – як ціхі голас мінулага, які апавядае пра жыццё  далёкіх продкаў, пра іх клопаты і мары, пра штодзённасць і святы. Прадметы маюць сваю гісторыю і сваё прызначэнне. Яны раскрываюць душу народа, яго мудрасць, працавітасць і эстэтычны густ. 



На такую думку наводзяць усе прадстаўленыя на сапраўды незвычайнай выставе рэчы, а іх – больш за 330. Сякеры, сярпы і іншыя прылады працы, ручнікі, дываны, кераміка…  У іх бачна цудоўнае спалучэнне прастаты, функцыянальнасці і мастацтва. Розныя інструменты і прылады, бытавыя рэчы, вырабы з саломы, рагозу, саматканых матэрыялаў дапамагалі нашым бабулям і дзядулям у штодзённым жыцці.

Адкрываючы экспазіцыю, начальнік упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Пётр Падгурскі адзначыў:

– Менавіта праз майстра ў свет з’яўляліся такія рэчы, якія чалавеку давалі магчымасць жыць, займацца любімай справай у розных накірунках. Усё гэта альбо зроблена, адноўлена нашымі сучаснымі майстрамі, альбо з’яўляецца аўтэнтычным, знойдзеным у час этнаграфічных экспедыцый і раскопкаў. Унікальныя рэчы даюць нам цеплыню і адначасова выклікаюць сустрэчныя пачуцці павагі да працавітых сялян. Цудоўна, што Дамы рамёстваў Віцебскай вобласці захоўваюць і працягваюць набываць такую спадчыну, а таксама застаюцца пераемнікамі саміх старажытных рамёстваў. 



Непадробны інтарэс выклікае унікальная калекцыя мужчынскіх прылад і інструментаў. Як сцвярджаюць арганізатары выставы, гэтую адмысловую частку экспазіцыі не ўбачыць нідзе! Тут сабраны вытанчаныя і трывалыя інструменты, якія сведчаць пра майстэрства і вынаходлівасць мужчын-беларусаў у розных рамёствах. 

Сярод захавальнікаў мінулага і сапраўдных носьбітаў жывых традыцый – старшы навуковы супрацоўнік дзяржаўнай установы культуры «Бешанковіцкі гісторыка-краязнаўчы музей» Станіслаў Леаненка, які ўнёс значны ўклад у вывучэнне і захаванне нашай культурнай спадчыны, збірае і беражліва захоўвае сведчанні мінулага.       


 – Я прывёз толькі малаточкі і сякеры, бо для гаспадара гэта былі вельмі важныя ды й асноўныя інструменты. Калі мужчына не ўмеў забіць цвік, насекчы і нарыхтаваць дроў, дык якім гаспадаром ён мог лічыцца! Дарэчы, сякеры, прадстаўленыя на гэтай выставе, аўтэнтычныя, яны былі знойдзены пры раскопках, некаторыя вынеслі на бераг воды ракі. Яны адносяцца да XI – XIII стагоддзяў.




А вось Сяргей Сапяжынскі – з народнай студыі майстроў народных мастацкіх рамёстваў «НатхненнеІ» філіяла «Сенненскі Дом рамёстваў» прывёз на выставу-конкурс унікальныя рыбацкія сеткі, дарэчы і майстар-клас па іх пляценню правёў. 

– Мы жывем у XXI стагоддзі, у час камп’ютэраў, мабільнай сувязі, розных навадзелаў, але нас не пакідае памяць аб мінулым, усё роўна нам хочацца ведаць, як жылі нашы бабулі і дзядулі, – падкрэсліла дырэктар Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Надзея Уліновіч. – Рэчы, прадстаўленыя на экспазіцыі, толькі маленькая частка таго, што маюць дамы рамёстваў Віцебшчыны. Але і сярод іх ёсць такія, што пазней, у наступныя пяць гадоў, згодна графіку, будуць пададзены на статус элемента ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Напрыклад, вышыўка па сетцы, якой займаюцца ў прыватнасці ў Лёзненскім, Гарадоцкім, Дубровенскім, Шаркаўшчынскім раёнах.

Дарэчы, у Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь знаходзяцца ўжо 25 элементаў з Віцебскай вобласці. Гэта не толькі самая вялікая колькасць, але і багатая разнастайнасць, бо прадстаўлены розныя напрамкі народнай творчасці – гэта рамёствы, песенная і танцавальная творчасць, нацыянальная кухня.

















Авторское право «Витьбичи»