23.03.2022
У віцебскай СШ №28 прайшоў Дзень роднай мовы і гісторыі
У сярэдзіне сакавіка ў нашай школе адбылося адкрыццё тыдня «Калейдаскоп школьных навук». Навукамі першага дня сталі беларуская мова і літаратура, гісторыя. Колерам дня абралі чырвоны – колер беларускага арнаменту, які сімвалізуе жыццё і сонца.
У гэты дзень у школе быў наладжаны шэраг цікавых і пазнавальных мерапрыемстваў, прысвечаных беларускай мове і гісторыі.
На працягу дня прайшлі акцыя #маямова, віктарына «Наша Беларусь», «Знаўца беларускай мовы», конкурс «Моўны калейдаскоп», адбылося інтэлектуальнае спаборніцтва па творы З. Бядулі «На Каляды к сыну».
Настаўнікі пачатковых класаў падрыхтавалі традыцыйныя вясковыя пасядзелкі, правялі конкурс на лепшага чытальніка і інтэрактыўныя перапынкі з прызамі.
Пяцікласнікі сталі ўдзельнікамі конкурснай праграмы «Падарожжа ў краіну беларускіх казак». Для вучняў 9-11 класаў настаўнікі гісторыі правялі кахут-гульню «Як ты ведаеш родны край» і арганізавалі выставу дзіцячых малюнкаў па творах беларускіх пісьменнікаў.
Да 140-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы была зладжана віртуальная экскурсія ў Дзяржаўны музей Я. Купалы і яго філіял «Вязынка». Увазе прысутных быў прапанаваны літаратурны каляндар, прысвечаны жыццю і творчасці песняра. Падчас экскурсіі вучні пачулі расповяд пра жыццё Купалы і пачулі яго вершы, пабывалі ў тым месцы, дзе нарадзіўся класік, убачылі прыгожую прыроду нашага краю, якая цудоўна адлюстравана ў шматлікіх вершах паэта.
Таксама на працягу ўсяго мерапрыемства ўзнёсла гучалі вершаваныя радкі паэта ў выкананні юных чытачоў, якія любяць мастацкае слова. А напрыканцы свята хлопчыкам і дзяўчынкам раздалі кніжныя закладкі і рэкамендацыйны спіс літаратуры на тэму «Не змоўкне голас песняра».
На працягу ўсёй сустрэчы дэманстраваліся фотаздымкі, выданні і ілюстрацыі да мастацкіх твораў паэта. Завочнае падарожжа атрымалася цікавым і пазнавальным.
Несумненна, што пачуццё гонару за сваю Радзіму, родную мову, свой народ – галоўныя складнікі мастацка-літаратурнага і грамадзянска-патрыятычнага выхавання вучняў. Верыцца, што навучэнцы нашай школы будуць расці з разуменнем, што найвялікшы скарб народа – гэта яго нацыянальная мова – цудадзейная скарбонка Беларусі, адна з найпрыгажэйшых моў свету: яна самая мілагучная, трапная і пявучая…
© Авторское право «Витьбичи».
Все новости
Другие новости