Рус Бел

 

Внимание! Запись на прием в службу "одно окно" горисполкома осуществляется по тел. 142, 43 61 31, 33 14 74, 43 62 90, 43 62 98 в рабочие дни в часы приема. Приглашаем льготников, состоящих на учете нуждающихся в улучшении жилищных условий в Витебском горисполкоме, для строительства жилья. Обращаться в кабинет №102, тел. 436274. За содействием в трудоустройстве можно обращаться в службу занятости по тел. 362549, сведения о вакансиях на сайте: gsz.gov.by, постоянно действующие комиссии по содействию занятости администрации Октябрьского района тел. 649996, администрации Железнодорожного тел. 604784, администрации Первомайского района тел. 643382, городскую комиссию тел. 361348. Обучение для безработных по профессиям: «сборщик обуви», «швея», «продавец», «слесарь-сантехник», «облицовщик-плиточник», «рабочий по комплексному обслуживанию и ремонту зданий и сооружений», «парикмахер», «повар» тел. 36-25-45, 36-25-40 Субсидии безработным г.Витебска для организации собственного дела тел. 36-25-40, 36-25-15 Cлужба занятости ведет подбор водителей (С), трактористов, уборщиков территории, т. 36-25-29, 36-25-66 Приглашаем всех желающих на оплачиваемые временные работы (подработка), тел. 36-25-54
Главная / Новости
21.02.2025

Сёння адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы


«Выракацца роднай мовы не маем права». Менавіта так казаў вядомы беларускі класік Янка Купала. Мова — наш галоўны скарб, сімвал нацыянальнай ідэнтычнасці і культуры. І разам з усім светам 21 лютага Беларусь святкуе Міжнародны дзень роднай мовы, абвешчаны ў 1999 годзе Генеральнай канферэнцыяй ЮНЕСКА.
З перыяду ранняй гісторыі
Узнікненне і фарміраванне беларускай мовы адбывалася ў непарыўнай сувязі з гісторыяй усяго славянства. У VI — VII стагоддзях утварыліся тры групы славянскіх плямён: усходнія, заходнія і паў­днёвыя. Менавіта на іх аснове ў наступным склаліся асобныя славянскія народнасці. Важна адзначыць, што ўсходнеславянская група, у тым ліку і тагачасныя беларусы, на працягу X — XIII стагоддзяў карысталіся адной пісьмо­вай старажытнарускай мовай. На ёй створана шмат рукапісных помнікаў, частка якіх захавалася да нашага часу, але ў выгля­дзе перапісаных пазнейшых копій. Некаторыя з іх напісаны нашымі славутымі землякамі (Кірылай Тураўскім і іншымі). Найбольш знакамітымі помнікамі таго часу з’яўляюцца «Слова пра паход Ігаравы», «Аповесць мінулых гадоў». Яны слу­жаць агульным пісьмовым скарбам для ўсіх усходніх славян і перакладзены на сучасныя беларускую, рускую і ўкраінскую мовы.
Шлях да самастойнасці
Ён пачаўся ў часы існавання Вялікага Княства Літоўскага. Менавіта ў XIV стагоддзі старабеларуская мова стала дзяржаўнай і выкарыстоўвалася ва ўсіх сферах гаспадарчага і грамадскага жыцця. На працягу XV — XVII стагоддзяў на ёй была створана і захавалася да нашага часу вялікая пісьмовая спадчына. Адзін з самых вядомых помнікаў — Статут Вялікага Княства Літоўскага, Рус­кага і Жамойцкага. Таксама збераглася вялікая колькасць справавых дакументаў, сярод якіх найбольшую каштоўнасць мае архіў урадавай канцылярыі ВКЛ «Літоўская метрыка» (каля 600 тамоў). Важнай крыніцай вывучэння мовы і гісторыі беларускага народа з’яўляюцца кнігі судовых і іншых запісаў буйных гарадоў Беларусі: Гродна, Мінска, Брэста, Магілёва, Полацка і іншых.
У сувязі з тым, што ў канцы XVI стагоддзя Беларусь аказалася ў складзе Рэчы Паспалітай, пачаўся працэс паланізацыі беларускага насельніцтва. Наша мова паступова стала выцясняцца польскай і лацінскай мовамi з афіцыйнай сферы грамадства, а на Варшаўскім сейме ў 1696 годзе ўвогуле была забаронена. Пасля распаду Рэчы Паспалітай беларускія землі ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі. Адраджэнне цікавасці да роднага слова пачалося толькі ў XIX стагоддзі. Былі спробы напісаць кнігі па граматыцы беларускай мовы, але падрыхтаваныя працы так і не ўбачылі свет.
Вялікі ўклад у развіццё беларускай мовы ўнеслі філосаф, гуманіст, адзін з заснавальнікаў навуковай крытыкі Бібліі Сымон Будны, перакладчык, асветнік, выдавец Евангелля Васіль Цяпінскі, беларускі першадрукар, які заклаў пачатак усходнеславянскага кнігадрукавання, Францыск Скарына, аўтар першага беларускага буквара на нашай мове Спірыдон Собаль.Пачатак XX стагоддзя стаў светлым часам у гісторыі станаўлення беларускай культуры. Пасля рэвалюцыі 1905–1907-х гадоў, якая адбылася ў царскай Расіі, была знята забарона карыстацца нашай мовай і друкаваць на ёй. У Пецярбургу з’явілася суполка «Загляне сонца і ў наша аконца», якая выдала 38 кніг агульным тыражом больш за 100 тысяч экземпляраў. Сярод іх такія вядомыя творы, як «Першае чытанне для дзетак беларусаў» Алаізы Пашкевіч (Цётка), «Жалейка» Янкі Купалы, «Абразкі» Змітрака Бядулі. У той час пачалі выхо­дзіць легальныя беларускія газеты і часопісы «Наша ніва», «Наша доля», «Беларус», «Крапіва», «Саха».
Ад беларусізацыі да дзевяностых
Новым этапам развіцця беларус­кай літаратурнай мовы даследчыкі лічаць сярэдзіну XX стагоддзя — пачатак будаўніцтва беларускай дзяржавы, якая прынесла з сабой не­абмежаваныя ўмовы для развіцця і выкарыстання роднага слова. Так, гаворка ідзе пра беларусізацыю. Пачалася яна ў 1924 годзе і набыла статус афіцыйнай палітыкі. Беларус­кая мова стала мовай дзяржаўных, грамадскіх устаноў, мовай навукі, тэатра, радыё, газет, часопісаў, і ў сувязі з яе шырокім ужываннем паўстала неабходнасць упарадкавання правапісу і лексіка-граматычных норм.
Гэтую задачу фактычна выканаў Браніслаў Тарашкевіч, больш вядомы сучасным беларусам па «тарашкевіцы» — нефармальная назва беларускай граматыкі, якая засноўваецца на правілах беларус­кай мовы да рэформы 1933 года.
У 1990 годзе быў прыняты Закон «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь». Ён прадугледжваў аднаўленне беларускай мовы перш за ўсё ў сферы афіцыйна-дзелавога ўжытку. А 14 мая 1995 года адбыўся першы агульнарэспубліканскі рэферэндум, дзе большая частка насельніцтва выказалася за дзяржаўнае двухмоўе. Такім чынам, Беларусь стала краінай, дзе дзве славянскія мовы маюць статус дзяржаўных, і гэта замацавана ў Канстытуцыі.
Святыня народа, бяссмерце яго
Радкі з верша Максіма Танка «Роднае слова» можна смела выкарыстаць, каб адзначыць важ­насць нашай мовы. Гэта спадчы­на, якая засталася нам ад прадзедаў і якую мы павінны перадаць наступным пакаленням. Кожны год выходзіць мастацкая і навуковая літаратура, ставяцца спектаклі, здымаюцца фільмы, што садзейнiчае распаўсюджванню мовы сярод грамадства. Разам з тым святкуецца і Міжнародны дзень роднай мовы, які традыцыйна багаты на цікавыя мерапрыемствы.
Так, гэтае свята ў Віцебску пачалося з прэзентацыі кнігі «Беларуская мова ад А да Я». Выданне прадставіў дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларус­кай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, старшыня Рэспубліканскай тапанімічнай камісіі пры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Ігар Капылоў у Віцебскай абласной бібліятэцы на творчай сустрэчы «Пароль неўміручасці — родная мова».
— Гэта навукова-папулярнае выданне, у якім знойдуць каштоўныя для сябе веды як дзеці, так і дарослыя, — расказаў Ігар Капылоў. — Кніга па-свойму ўнікальная: яна змяшчае вялікі блок гістарычнай інфармацыі, але пададзена проста і зразумела.
У кнізе ў папулярнай форме распавядаецца пра галоўныя падзеі ў гісторыі развіцця нацыянальнай мовы, яе адметныя рысы, знакавыя пісьмовыя помнікі і сучасныя слоўнікавыя выданні. Прыводзяцца цікавыя моўныя факты, выказванні паэтаў і пісьменнікаў пра роднае слова, самабытная лексіка, прыказкі, якія адлюстроўваюць каларыт беларускай мовы. Інфармацыя суправаджаецца багатым ілюстрацыйным матэрыялам. Тыраж выдання — 2 тысячы асобнікаў.
Таксама 20 лютага ў абласной бібліятэцы па традыцыі прайшла агульная дыктоўка, пасля якой удзельнікаў чакаў творчы вечар з мастаком і паэтэсай Галінай Загурскай.

Все новости

Другие новости