Ратуша 1775 год - вул.Леніна, 36
Першая драўляная ратуша была пабудавана ў 1597 г. пасля атрымання горадам магдэбургскага права. У 1623 г. Віцебск быў часова пазбаўлены магдэбургскага права і ратушу разбурылі. Найбольш старажытная драўляная ратуша паказана на “Чарцяжы места Віцебска 1664 года”. У гэты час яна з’яўлялася кампазіцыйным цэнтрам гандлёвай плошчы. Затым неаднаразова гарэла (1708, 1733, 1752 гг.) і зноў аднаўлялася.
У 1775 г. было завершана будаўніцтва мураванай ратушы. Яна стала кампазіцыйным цэнтрам Рынкавай плошчы і падзяліла яе на дзве часткі: адна раскрывалася перад галоўным фасадам ратушы да Віцьбы, другая знаходзілася за ратушай на поўнач.
Ратуша – прамавугольны ў плане будынак, увенчаны ў цэнтры высокай чатырох’яруснай вежай. У яго архітэктурна-прасторавую кампазіцыю пакладзены прынцып кантрастнага супрацьпастаўлення нізкага корпуса, сціпла дэкараванага, і высокай вежы, больш насычанай дэкаратыўнымі дэталямі. Сцяна галоўнага фасада дэкаравана плоскімі пілястрамі на вышыню абодвух паверхаў і прарэзана прамавугольнымі аконнымі (на першым) і лучковымі (на другім) праёмамі. Корпус ратушы з’яўляецца п’едэсталам для вежы. Вежа мае крывалінейныя контуры, яе ярусы аддзяляюцца адзін ад аднаго складанымі карнізамі, зрэзаныя вуглы вежы дэкараваны пілястрамі, у аснове якіх дэкаратыўныя валюты. Раней вежа завяршалася шатром са шпілем, у яе верхнім ярусе быў устаноўлены гадзіннік. У архітэктуры ратушы спалучаюцца рысы барока і класіцызму.
У будынку знаходзіліся грамадскія ўстановы. У канцы XVIII ст. тут знаходзіліся паліцыя, галоўны суд, другі дэпартамент, гаўпвахта, пажарны двор; у XIX ст. – гарадская дума. Неаднаразова праводзіліся перабудовы. У 1833 г. быў зменены верх вежы: замест высокага шпілю ўстаноўлена назіральная пляцоўка з невялікай ратондай. У 1873–1875 гг. зроблены ўнутраныя перабудовы ў сувязі з перамяшчэннем на другі паверх гарадской думы, а на першы – паліцэйскага ўпраўлення. У 1910 г. гарадской управе было дазволена надбудаваць трэці паверх, што і зроблена ў 1911 г. Па праекту архітэктара Т.В. Кібардзіна. Пазней да галоўнага ўваходу дабудавалі тамбур, зроблены ўваход у падвал на галоўным фасадзе. Пасля пажару 1913 г. вежа была адрэстаўравана.
Аднак трэці паверх парушыў прапорцыі будынка, закрыў ніжні ярус вежы і зрабіў масіўным корпус. У такім выглядзе ратуша захавалася да нашых дзён.
Па абодва бакі галоўнага фасада ратушы былі ўзведзены аднатыпныя будынкі гандлёвых радоў. Першыя паверхі іх прарэзаны шырокімі лучковымі аркамі – уваходы ў гандлёвую частку. Другія мелі маленькія прамавугольныя аконныя праёмы і служылі складам для тавараў. Прасценкі паміж праёмамі былі дэкараваны дзвюма спаранымі пілястрамі, якія стваралі рытмічны дэкаратыўны малюнак. У канцы XVIII – пачатку XIX ст. да ўсходняга і заходняга тарцоў ратушы прыбудавалі два жылыя дамы з гандлёвымі ўстановамі на першых паверхах, якія ўтварылі адзіны комплекс з унутраным дворыкам. У Вялікую Айчынную вайну была пашкоджана верхняя частка вежы з гадзіннікам. У 1946-1947 гг. гадзіннік аднавіў народны майстар С. Юшкоўскі. Будынак ратушы быў прыстасаваны пад музей.
Будынак былога жаночага епархіяльнага вучылішча 1902 год, вул.Гогаля, 6.
Будынак цагляны, атынкаваны, у многіх канструкцыйных элементах выкарыстаны метал. Складаўся з некалькiх аб’ёмаў: трохпавярховага галоўнага вучэбнага корпуса i другарадных гаспадарчых i адмiнiстрацыйных пабудоў (лазарэт, дом для служачых, лазня i iнш.). Галоўны корпус – трохпавярховы будынак са скляпеннем. У плане мае Е- падобную форму. Цэнтральны аб’ём займае двухсветлавая зала. Галоўная (парадная) лесвiца вядзе з прасторнага вестыбюля на 2-гi паверх. Перакрыццi над калiдорам па металiчных бэльках. Дэкаратыўныя элементы аздаблення фасадаў вельмi стрыманыя: рустоўка сценаў 1-га паверха, абрамленне акон 2-га паверха ліштвамi, развiтае карнiзнае чляненне 3-га паверха. Афарбоўка фасадаў двухколерная: дэкаратыўныя элементы, цягі, карнізы, ліштвы вылучаны белым колерам на фоне вохрыста-залацістых сцен. У iнтэр’еры цiкавасць выклiкае паркетная падлога ў зале i асобных пакоях, сталярка акон i дзвярэй. Будынак пабудаваны на Духавай гары (вул. Гогаля).
Паводле пісьмовых крыніц, з XIV ст. на гэтым месцы існавала царква Святога Духа. Пабудаваў яе князь Альгерд і яго жонка Улляна. У далейшым царква была перабудавана. Мураваны будынак царквы быў пабудаваны на грошы віцебскіх грамадзян Бібкаў у 1792г.
Мураваная царква была крыжападобная, карынфскага ордэра архітэктуры, з дзвюма ад франтона двухпавярховымі вежамі з Купалам пасярэдзіне, асветленым васьмю вокнамі. Пры Свята-Духаўскай царкве існаваў манастыр. Першапачаткова манастыр быў жаночы, заснаваны Уллянай, затым змяніўся мужчынскім. Але гэты мужчынскі праваслаўны манастыр знаходзіўся ў заняпадзе. Каля 1697 г. быў адноўлены жаночы базыльянскі манастыр.
У 1793 г. на сродкі тых ж купцоў Бібкаў быў пабудаваны манастырскі корпус. Будынак мураваны, двухпавярховы, у даўжыню 10 саж. і 4 саж. у шырыню. Да яго прымыкаў драўляны дом, даўжынёй 21 саж., шырынёй 3 саж., у якім размяшчалася жаночае вучылішча, заснаванае пры Свята-Духаўскім базыльянскім манастыры.
У 1812 г. пад час вайны вучылішча было зачынена. Адноўлена ў 1815 г., але было ўжо не такое шматлікае. З пераходам Свята-Духаўскай царквы ад уніятаў у праваслаўнае ведамства царква і манастырскія будынкі прыйшлі ў заняпад.
2 красавіка 1864 г. па распараджэнні Свяцейшага Сінода было адкрыта Полацкае жаночае вучылішча духоўнага ведамства. Для вучылішча меркавалася прыстасаваць былы манастырскі корпус. У 1865 г. епархіяльны архітэктар Плюшчэўскі-Плюшчык агледзеў будынак і прыйшоў да высновы, што двухпавярховы мураваны крыты гонтам будынак мае моцныя сцены і пасля пераробак можа быць з выгадай выкарыстаны для новага прызначэння, як і аднапавярховыя мураваныя сцены дваровых пабудоў. Акрамя таго, архітэктар прапаноўваў зрабіць двухпавярховую прыбудову 20х5 саж., над існаваўшым корпусам надбудаваць трэці паверх і асобна пабудаваць лазню з пральняй.
Перапіска аб мэтазгоднасці прыстасавання будынкаў былога базыльянскага манастыра пад Полацкае жаночае духоўнае вучылішча працягвалася да 1868 г. Верагодна, к 1872 г. праект перабудовы манастырскіх будынкаў быў часткова рэалізаваны. У “Памятных книжках Витебской губернии” за 1880-я гг. вучылішча ўжо пазначана па вул. Духаўскай. З цягам часу расла колькасць выхаванак, вырас і штат настаўнікаў. Будынак, які займала вучылішча, быў ўжо малы, і адпаведна паўстала пытанне аб будаўніцтве новага. У 1898 г. Полацкая епархія выдзеліла сродкі на будаўніцтва новага вучэбнага корпуса, які быў узведзены ў 1901–1902 гг. Аўтар праекта галоўнага корпуса – грамадзянскi iнжынер Паўлоўскi Аляксандр Кандратавiч, аўтар праекта дапаможных службаў – цывiльны iнжынер Вiнаградаў Пётр Андрэевiч. Як сведчыць аналіз плана 1872 г. новы будынак вучылішча быў узведзены на падмурках старога манастырскага корпуса.З усяго архітэктурнага комплексу зберагліся толькі галоўны корпус вучылішча і гаспадарчы флігель. Галоўны корпус займае самае высокае месца на гары. Ён быў звязаны закрытай галерэяй з Духаўскай царквой (не захавалася). 3-павярховы з паўпадвальным паверхам будынак у плане Е-падобнай формы, галоўным фасадам выходзіць на вул. Гогаля.
Унутраная планіроўка калідорнага тыпу з аднабаковым калідорам, арыентаваным у бок двара. На першым і другім паверхах знаходзіліся вучэбныя класы, на трэцім – спальні. У цэнтры галоўнага фасада шырокі рызаліт з парадным порцікам, што вядзе ў прасторны вестыбюль. Масіўныя слупы порціка падтрымліваюць балкон актавай залы на другім паверсе. У дэкаратыўных дэталях другога і трэцяга паверхаў праяўляюцца элементы псеўдарускага стылю (ліштвы вакон у выглядзе какошнікаў і інш.)
У 1948 г. у Віцебскім філіяле інстытута “Белдзяржпраект” распрацаваны праект аднаўлення будынка былога вучылішча. Аўтары праекта Катакін і Жылка. Пры аднаўленні стылістыка фасадаў была захавана, часткова перамуравана фасадная сцяна левага крыла, знізу замураваны аконныя праёмы.
У 1970-я гады да асноўнага будынка была зроблена прыбудова, на месцы царквы Св. Духа пабудавана вежа з гадзіннікам.
Будынак былога палаца губернатара 1772 год - вул.Савецкая, 18
Першапачаткова палац узведзены у канцы XVIII ст. як гарадскі асабняк, які неўзабаве быў перададзены дваранству. Гэта быў мураваны трохпавярховы будынак, прамавугольны ў плане, арыентаваны тарцовым фасадам на Заходнюю Дзвіну.
З 1806 г. ён з’яўляўся месцажыхарствам генерал-губернатараў. У сувязі з гэтым пачаліся перабудовы (прыбудаваны новы двухпавярховы корпус). Яны былі закончаны ў 1811 г., калі ў Віцебск пераехаў ваенны губернатар герцаг А. Вюртэмбергскі, які і заняў гэты дом. Перабудовы праводзіліся ў канцы XIX і пачатку XX ст. (у асноўным унутраная планіроўка).Помнік складаецца з галоўнага прамавугольнага трохпавярховага аб’ёму (XVIII ст.) і П-падобнага ў плане двухпавярховага (XIX ст.), якія ўтвараюць вялікі ўнутраны двор. У галоўным корпусе на першым паверсе знаходзіўся парадны вестыбюль з цэнтральнай лесвіцай, з абодвух бакоў вестыбюля – чатыры памяшканні і невялікія пакоі для прыслугі. На другім – службовыя пакоі губернатара: гасціная, прыёмная, кабінет. Трэці паверх адводзіўся пад жыллё сям’і губернатара.
У двухпавярховым крыле на першым паверсе размяшчаліся службовыя памяшканні праўлення і канцылярыі губернатара, на другім – вялікая зала (сталоўка), прыстасавана таксама для правядзення канцэртаў і спектакляў, у тарцовай частцы была царква.
Трохпавярховы корпус з’яўляецца характэрным прыкладам архітэктуры класіцызму. Яго галоўны фасад адзначаны цэнтральным рызалітам з порцікам, утвораным чатырма паўкалонамі дарычнага ордэра. Порцік займае вышыню ў два паверхі, на трэцім зроблены балкон, які падтрымліваюць паўкалоны порціка. Бакавыя сцены гладкія, рытмічна прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі. Вуглы галоўнага фасада і рызаліта расшыты пад руст. Архітэктура двухпавярховага крыла адлюстроўвае рысы позняга класіцызму: чатырохкалонны дарычны порцік, сцяна першага паверха расчлянёна паўкалонамі з аркатурай, што абрамляе аконныя праёмы. Вуглавая частка фасада вылучана чатырма паўкалонамі на вышыню двух паверхаў і завершана трохвугольным франтонам.
Обелиск героям войны 1812 года
Дата строительства 1912 г.
У дворца губернатора стоит памятник-обелиск, посвященный победе русского оружия в 1812 г. Он был сооружен витебчанами на свои средства в честь столетия изгнания французов из России (архитекторы И. А. Фомин и Т. В. Кибардин).
Будынак былога акруговага суда канец ХІХ стагоддзя - вул.Леніна, 32
Мураваны П-падобны ў плане будынак выходзіць галоўным фасадам на пл. Свабоды. Цэнтральная частка двухпавярховага асноўнага аб’ёму падкрэслена рызалітам і выдзелена па вертыкалі 3-м паверхам. Архітэктурна-мастацкае вырашэнне фасадаў грунтуецца на традыцыйнай для класіцызму сіметрычнасці кампазіцыі. Пластыку фасадаў стварае рытм пілястраў і аконных праёмаў з ліштвамі.
У 1883 г. на Саборнай плошчы (цяпер пл. Свабоды), каля ратушы і былога езуіцкага касцёла, узведзены манументальны будынак для акруговага суда. Аўтары праекта – архітэктар І.П. Камінскі і інжынер М.Ф. Карчэўскі. У плане будынак П-падобны, асіметрычны, з крыламі неаднолькавай даўжыні. Планіроўка мяшаная калідорна-галерэйная, з мноствам вялікіх і малых адміністрацыйных і службовых памяшканняў. У цэнтральным крыле знаходзіцца парадны вестыбюль з лесвіцай, у бакавым – зала для пасяджэнняў. Інтэр’еры памяшканняў, асабліва залы, адзначаюцца багатай дэкаратыўнай аздобай. У архітэктурна-пластычным вырашэнні пераважаюць элементы неакласіцызму і мадэрна.
Будынак з’яўляецца не толькі выдатным архітэктурным помнікам, але і помнікам гісторыі. Мемарыяльная дошка на галоўным фасадзе сведчыць, што тут у 1917 г. размяшчаўся Ваенна-рэвалюцыйны камітэт, які ажыццяўляў рэвалюцыйную ўладу ў горадзе да стварэння ў студзені таго ж года Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў.
Гарадскі сядзібны дом (вуліца Пушкіна, 2)
Помнік архітэктуры позняга класіцызму. Пабудаваны ў 2-й палавіне 19 ст. на левым беразе Віцьбы, галоўным фасадам арыентаваны да ракі. Уяўляе сабой двухпавярховы Е-падобны ў плане цагляны будынак з паўпадвальным паверхам. Галоўны фасад вылучаюць 3 шырокія рызаліты – цэнтральны і бакавыя. У цэнтральным рызаліце размешчаны галоўны ўваход, акцэнтаваны двухкалонным порцікам, які падтрымлівае на 2-м паверсе балкон з ажурнай металічнай агароджай. Завершаны рызаліт трохвугольным франтонам з акном-люкарнай. Бакавыя рызаліты завершаны трохвугольнымі франтонамі з лучковымі нішамі ў цэнтры. Паміж рызалітамі на 1-м паверсе па баках вонкавыя лесвіцы з ажурнай металічнай агароджай. У цэнтры дваровага фасада – лучковы рызаліт з лесвіцай на 2-і паверх. Па перыметры будынак абкружаны тонкапрафіляваным карнізам. Сцены прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі. Унутраная планіроўка анфіладнакалідорная.
У будынку ў 1917 г. знаходзіўся Віцебскі Савет рабочых і саддацкіх дэпутатаў, 1 – 3 (14 – 16).10.1917 г. праходзіла 1-я губернская партыйная канферэнцыя. У 1930-я гады тут размяшчаўся яўрэйскі педтэхнікум, цяпер – тэатр “Лялька”.
Былыя лабазы, вул.Чайкоўскага, 3, 5
Склады (лабазы, саляныя магазіны, правіянцкія магазіны, правіянцкія склады, інтэнданцкія склады) былі пабудаваны ў канцы XVIII стагоддзя па так званых узорных праектах, якія распрацоўваліся цэнтралізавана ў Санкт-Пецярбурзе для губернскіх і павятовых гарадоў. Мураваныя лабазы мелі падабенства з гандлёвымі радамі: гэта ячэйкі-крамы, галерэі, аднак знешні выгляд карпусоў меў больш “гарадскі” характар - іх архітэктура буйнамасштабная, у ёй знайшлі прамое адлюстраванне прыёмы і формы класіцызму. Будаўніцтва вялося за дзяржаўныя сродкі.Буйнамаштабны будынак правіянцкіх складоў, быў пастаўлены, нібы куліса на самай набярэжнай Задзвіння ў 1774 годзе. Збудаванне, якое мела спецыфічнае прызначэнне (для гандлю, захавання зерня, мукі і іншых тавараў) арганізавала працяглы фронт забудовы. Для дасягнення адзінства і буйнога маштабу доўгага рачнога фасада выкарыстаны разнастайныя чляненні: падзел ўсяго аб’ёму на тры буйныя часткі, павелічэнне сярэдняга корпуса да двух паверхаў, чаргаванне выступаў і франтонаў, рытм аконных і дзвярных праёмаў.
Да сярэдзіны XX ст. захаваліся два корпусы – цэнтральны і правы бакавы з перабудовамі. Цэнтральны корпус двухпавярховы, на галоўных восях вылучаны сіметрычна двухарачныя праёмы, паміж якімі размешчаны пілястры на ўсю вышыню будынка. Бакавы корпус аднапавярховы, дэкараваны арачнымі нішамі і пілястрамі.
У 1999 – 2004 г.г. праведзена I-я чарга рэканструкцыі (будынак па вул. Чайкоўскага, 3), II-я чарга рэканструкцыі 2006 – 2007 г.г. (будынак па вул. Чайкоўскага, 5).
Зараз у будынках былых лабазаў размешчана ДУ “Культурна-гістарычны комплекс “Залатое кальцо горада Віцебска “Дзвіна”.
Будынак былога пазямельна-сялянскага банка 1917 год вул.Даватара, 7/11
Будаўнiцтва банка было распачата ў 1913 г. (аўтары праекта — цывiльны iнжынер Канстанцiн Канстанцiнавiч Тарасаў i iнжынер-будаўнiк Уладзiмiр Фёдаравiч Коршыкаў), аднак у сувязi з пачаткам 1-й сусветнай вайны зацягнулася да 1917 г. Апошнія вонкавыя і ўнутраныя работы вяліся ў час імперыялістычнай вайны, калі не хапала рабочых рук, будаўнічых матэрыялаў. Толькі дзякуючы намаганням аўтараў праекта будаўніцтва банка было завершана.
Выбар месца на ўскраіне горада невыпадковы. Справа ў тым, што асноўнымі кліентамі банка былі сяляне навакольных вёсак. Двухпавярховы з паўпадвальным паверхам будынак у плане П-падобнай формы. Неаднолькавыя па даўжыні і шырыні бакавыя крылы, выступаючыя аб’ёмы крылаў і рызалітаў надаюць яму негіметрычнасць. Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя вырашаецца з улікам яго вуглавога размяшчэння. Гэта падкрэсліваецца своеасаблівымі вежамі, якія фланкіруюць будынак з трох бакоў. Вырашаны яны ў эклектычных формах, асабліва вылучаецца сярэдняя вежа з масіўным карнізам у выглядзе машыкуляў і высокім двух’ярусным шатром.
Помнік вызначаецца манументальнасцю кампазіцыі, складаным маляўнічым сілуэтам, разнастайнымі дэкаратыўнымі элементамі, што надае яму незвычайны архітэктурна-мастацкі вобраз. Будынак выкананы ў “новарускім стылі”, аўтар архітэктурна-мастацкай мовай перадаў рысы нацыянальна-рамантычнай разнавіднасці рускага мадэрну. Маляўнічасць сілуэту, пластычнасць аб’ёмаў, багатая гама фактурна-каляровых рашэнняў, прыгожы рытм ліній і формаў ствараюць запамінальны вобраз і ставяць будынак віцебскага банка ў шэраг лепшых архітэктурных твораў горада.
Пры ўзвядзенні будынка выкарыстаны новыя на той час прагрэсіўныя будаўнічыя матэрыялы. Міжпаверхавыя перакрыцці, лесвічныя прыступкі і падаконныя пліты зроблены з жалезабетону. Сталярку рабілі з лепшых парод дуба.
Витебский городской исполнительный комитет, 2024
Разработка сайта БЕЛТА