Рус Бел

Геральдыка


07.03.1597 г. вялікі князь ВКЛ, кароль Польшчы і Швецыі Жыгімонт III Ваза (1566—1632) надаў Віцебску прывілей на магдэбургскае права. Разам з ім горад атрымаў уласны герб з выявай святога Спаса Збавіцеля, харугву, пад якую мяшчане станавіліся, «под час посполитого рушенья и потребы военное».


Кіраванне горадам перадавалася магістрату, рэзідэнцыяй якога павінна была стаць віцебская гарадская ратуша (пабудавана ў 1602).

Віцебску дазвалялася мець сваю пячатку, гасціны двор, штогод праводзіць кірмашы. Згодна з прывілеем на магдэбургскае права свае харугвы атрымалі ўсе рамесныя цэхі. Прывілей таксама нагадваў пра ваенную павіннасць гараджан, якая захоўвалася за імі.

Цытата па: Бубенька Т.С. Палітычнае жыццё Віцебска ў 14-18 ст.// Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Віцебска: У 2-х кн. Кн. 1-я. С. 61.

Выява герба г. Віцебска 1597 г. Крыніца: Сапунов А.П. Витебская старина. Витебск, 1883. Т.1.

У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 02.06.2009 №277 «Аб заснаванні афіцыйных геральдычных сімвалаў адміністрацыйна-тэрытарыяльных і тэрытарыяльных адзінак Віцебскай вобласці» зацверджаны афіцыйныя геральдычныя сімвалы (герб і сцяг). Віцебска.



Герб горада Віцебска ўяўляе сабой іспанскі шчыт, у блакітным полі якога намаляваны вобраз Збавіцеля, звернуты направа, вакол яго галавы зверху справа – літары «IS» і злева – літары «XS» з тытламі, ніжэй справа і злева –дзве літары «С» з тытламі. У ніжняй частцы шчыта намаляваны накіраваны вастрыём налева срэбны меч з залатой дзяржальняй. Шчыт размешчаны ў чырвоным картушы барочнай формы, які дапоўнены чырвонымі кветкамі і зялёнымі стужкамі. Пад ім знаходзяцца дзве лаўровыя галіны зялёнага колеру, перавітыя чырвонай стужкай. Герб вянчае херувім з распасцёртымі крыламі. У якасці шчытатрымальнікаў намаляваныя два анёлы з стужкамі блакітнага колеру ў руках.

Сцяг горада Віцебска ўяўляе сабой прамавугольнае палотнішча блакітнага колеру з суадносінамі бакоў 1: 2, у цэнтры асабовага боку якога размешчана выява герба горада Віцебска.