Рус Бел
04.10.2023

Архітэктар Ігар Роцька расказаў, як ішла рэстаўрацыя Вялікай Любавіцкай сінагогі ў Віцебску

Сёння, 30 ліпеня, у Віцебску ўрачыста адкрываецца адноўленая Вялікая Любавіцкая сінагога на вуліцы Рэвалюцыйнай. Непасрэдны ўдзельнік яе рэстаўрацыі, кіраўнік распрацоўкі навукова-праектнай дакументацыі, галоўны архітэктар таварыства з абмежаванай адказнасцю «Стройторгсервис» Ігар Роцька расказаў, як ішла рэстаўрацыя будынка.

 — Ігар Міхайлавіч, ведаю, што вы не карэнны віцяблянін.— Так, я ўраджэнец Мінскай вобласці, а ў Віцебск трапіў па размеркаванні пасля сканчэння Беларускага політэхнічнага інстытута (сёння БНТУ). Спачатку месцам працы было архітэктурнае ўпраўленне пры Віцебскім гарвыканкаме, а потым з першага дня заснавання (4 студзеня 1987 года) — я ў Віцебскпраектрэстаўрацыі: тры гады яна была філіялам Белрэстаўрацыі, а потым стала самастойнай арганізацыяй. У ёй адпрацаваў да 2001 года, калі яна спыніла сваё існаванне.
 Раней проста ведаў, што ёсць такі абласны цэнтр. Пакрысе стала цікава займацца гісторыяй Віцебска. Да таго ж у складзе арганізацыі быў прафесіянал-мастацтвазнаўца — Людміла Хмяльніцкая. Сёння, сціпла адзначу, ведаю гісторыю нашага рэгіёна лепш, чым многія старажылы. Наш горад стаяў на перакрыжаванні шляхоў, таму асіміляваў многія чужаземныя здабыткі, якія сталі часткай віцебскай культуры.
 Калі яшчэ не было інтэрнэта, давялося прачытаць мноства спецыяльнай літаратуры. Наведваў Цэнтральны дзяржаўны гістарычны архіў у Мінску. Пры аднаўленні некаторых будынкаў звяртаўся да простых людзей, у якіх маглі захавацца старыя фотаздымкі. Яны часам дапамагалі пры рэстаўрацыйных работах. Сёння сусветная павуціна вельмі дапамагае.
 — Які культавы будынак стаў першым?— Калісьці ў горадзе была ўсяго адна дзеючая царква — Казанская, былога Маркава манастыра. І вось для патрэб вернікаў вырашылі аднавіць Пакроўскую царкву (былы трынiтарскi касцёл) на вуліцы Леніна. Рэстаўрацыйныя работы пачаліся ў 1988 годзе. Некаторыя гараджане былі супраць гэтага праекта: маўляў, іншых праблем хапае, лепш за гэтыя грошы пабудаваць нейкі аб’ект сацыяльнай сферы. Але калі паўсталі рыштаваннi, многія зацікавіліся.
 Сёння цяжка ўявіць, што на месцы храма-прыгажуна доўгі час стаялі руіны, якія нават збіраліся знесці, каб пашырыць вуліцу.
 — Вы ж спрыялі аднаўленню і іншых будынкаў, без якіх сёння Віцебск не ўспрымаецца.— Так, гэта і забудова старажытных вуліц Суворава, Талстога, Камісара Крылова і іншых. З культавых будынкаў адзначу Уваскрэсенскую царкву каля Ратушы, праекты аднаўлення якой пачаў рабіць з пачатку 1990-х гадоў. Яна першапачаткова належала грэка-католікам, а пасля перадачы яе праваслаўным даводзілася ўносіць змены ў праект.
 Проста захапляюся тым невядомым архітэктарам, які здолеў «упісаць» гэты велічны будынак на абмежаванай прасторы. Было цяжка зрабіць, каб царква стала на свае ранейшыя падмуркі, якія добра захаваліся.
 Многія выказвалі скепсіс: маўляў, храм перакрые дарогу транспарту. Але час пацвердзіў нашу слушнасць. І дарога ёсць для аўтамабіляў. Калі ж яна стала пешаходнай, усё вырашылася само сабой.
 Лягчэй было працаваць з Успенскім саборам, дзе амаль не захавалася падмуркаў. Цяжкасці былі, калі разбіралі былыя майстэрні станкаінструментальнага тэхнiкума, дзе рыхтавалi кадры для завода заточных станкоў. Нават звярнуліся да мясцовых прадпрыемстваў з прапановай: хто жадае, можа самастойна разбіраць завалы і забіраць сабе неабходныя матэрыялы.
 Дарэчы, у даўніну работамі кіраваў дойлід Іосіф Фантана са знакамітай італьянскай сям’і будаўнікоў. Ён жа, хутчэй за ўсё, распрацоўваў праект касцёла Святога Антонія, які месціўся насупраць Ратушы. Я некалькі гадоў таму займаўся праектам яго аднаўлення з пераносам фантана на пляцоўку каля канцэртнай залы «Віцебск». Упэўнены, што большасць гараджан выступіла б за гэту рэстаўрацыю, якую фінансава гатова была падтрымаць наша каталіцкая парафія. На жаль, час, відаць, яшчэ не прыйшоў. Аднак як арганічна глядзеўся б Святы Антоній разам з Ратушай і Уваскрэсенкай.
 — Да гэтага часу ёсць легенда пра падземны ход пад Дзвіной.— На жаль, вымушаны расчараваць аматараў таямнічых гісторый. Храм хоць і стаіць на стромкім месцы, але тут высока залягаюць падземныя воды. Мы з гэтым сутыкнуліся пры рыцці катлавана пад сабор. Хутка ён нагадваў вялікі пруд: засталося карасёў запускаць. Пакуль не зрабілі дрэнаж, будаўнічыя працы давялося спыніць.
 Вось і ў 1700-я здарылася такая ж сітуацыя. Манахі-базылляне, якія пачалі будаўніцтва і не валодалі сучаснымі тэхналогіямі па гідраізаляцыі, вымушаны былі дзейнічаць сваімі метадамі дрэнажу. Адзін сток ішоў на сучасную вуліцу Талстога, другі, асноўны калектар ішоў да Дзвіны. Каб ён не забіваўся, трэба было яго рэгулярна чысціць. Вось і зрабілі яго больш вялікім і зручным для чалавека. Так што ўсё тут куды больш празаічна.
 — Што з праектам Сафійскага сабора?— Віцебская праваслаўная епархія некалькі гадоў таму вырашыла зрабіць копію полацкай святыні, якую пабудавалі ў старажытнасці. Першапачаткова яе планавалася пабудаваць у парку за абласным музеем Героя Савецкага Саюза М. П. Шмырова. Я зрабіў адпаведны праект. Аднак некаторыя прадстаўнікі грамадскасці выказалі занепакоенасць тым, што будуць знішчаны дрэвы, нягледзячы на тое, што прадугледжвалася кампенсацыйная высадка.
 У выніку сабор «пераедзе» на бераг Дзвіны — у раён гандлёвага цэнтра «Беларусь». Праваслаўная епархія выказала пажаданні, каб некаторыя памяшканні былі зроблены накшталт храма Хрыста Збаўцы ў Маскве. Мы туды з’ездзілі, і ўбачанае мяне вельмі ўразіла. Спадзяюся, што да канца года праект будзе зроблены. Пры дастатковым фінансаванні будаўніцтва можа распачацца ўжо з 2024-га.

 — Як дайшла чарга да шматпакутнай Вялікай Любавіцкай сінагогі?— Ёй стаў займацца яшчэ з 1993 года. Тады будынак стаяў на балансе ў Віцебскага завода электрычных прыбораў і выкарыстоўваўся як склад. Даху ўжо не было, але сцены яшчэ стаялі.
 Кіраўніцтва прадпрыемства вырашыла задзейнічаць будынак у якасці завадскога клуба. Мы зрабілі неабходныя абмеры і распрацавалі архітэктурны праект. Але, як гэта часам бывае, скончылася фінансаванне…
 Другое жыццё сінагога атрымала зараз, калі галоўны маскоўскі равін Iсаак Коган, сваякі якога хадзілі ў гэты дом малітвы (у іўдзеяў гэта не лічыцца храмам: іх было два, разбураных у Iерусаліме), вырашыў яе аднавіць пры дапамозе дабрачыннага фонду. Варта адзначыць, што будынак належаў артадаксальным вернікам — хасідам. А сваю назву ён атрымаў ад мястэчка Любавічы на Смаленшчыне, якое знаходзіцца ўсяго ў 70 кіламетрах ад Віцебска. Там быў цэнтр хасідызму. І дагэтуль па дарозе з Масквы вернікі заўсёды спыняюцца ў Любавічах.
 Цяжкасці ў аднаўленні ўзніклі з самага пачатку. Справа ў тым, што не засталося здымкаў, па якіх можна было б даведацца, як першапачаткова выглядала сінагога. Ёсць толькі фота 1931 года, калі яна ўжо належала клубу дрэваапрацоўшчыкаў і была перабудавана. На першым паверсе размясціліся розныя памяшканні, а на другім — кіназал.
 Праблема ў тым, што сінагога не мае статусу помніка архітэктуры і не была своечасова ўзята пад ахову дзяржавы. Але пры рэстаўрацыі праект усё роўна павінен быў прайсці ўзгадненне ў Міністэрстве культуры, бо будынак знаходзіцца ў гістарычным цэнтры горада.
 Да таго ж, колькі я нi займаўся рэстаўрацыяй, ніколі не бачыў кладкі такога дрэннага стану. Можа, гэта таму, што доўгі час будынак стаяў без даху. Бакавыя фасады ледзь трымаліся. Пры іх разборцы амаль не даводзілася карыстацца спецыяльнай тэхнікай: усё сыпалася само. Праблема была і ў тым, каб знайсці неабходную старую цэглу, якая адпавядала б «пашпартнаму ўзросту» сінагогі. Але будаўнікі здолелі знайсці амаль што аўтэнтычны матэрыял і «састарылі» аб’ект рэканструкцыі.
 Віцебская сінагога цікавая тым, што па яе размяшчэнні на ўсход з галоўнага фасада не павінна быць уваходу. Яго зрабілі збоку.
 Радуе, што ў апошні час віцябляне сталі больш цікавіцца гісторыяй свайго горада, а значыць, яны будуць дбаць, каб нашчадкам засталася ўся пабудаваная за стагоддзі прыгажосць.

 Авторское право «Витьбичи»

 

Усе навіны

Другие новости

Радыё "Віцебск"