13.09.2023
Бэбі-тэатр для самых маленькіх будзе працаваць у новым сезоне ў Беларускім тэатры “Лялька” у Віцебску
Новы трыццаць восьмы тэатральны сезон пачынае Беларускі тэатр “Лялька” у Віцебску. Гледачоў чакаюць прэм’еры. Якія – даведаліся на прэс-канферэнцыі ў дырэктара “Лялькі” Аляксандра Грыгор’ева і мастацкага кіраўніка тэатра заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь Віктара Клімчука.
Прэм’ера спектакля “Дзюймовачка” адбудзецца 17 верасня. Гэта кранальная гісторыя без слоў. Адчуванне герояў пакажа пластыка лялек і акцёраў – акрабатычная, танцавальная, лёгкая і плаўная ці наадварот рухі, якія нагадваюць ламаныя лініі. Перадаць драматургію праз “цела” лялькі ўдвая больш складана - яна не мае чалавечых суставаў, трэніраваных дасканалых мышцаў, унутры – толькі механізм, але трэба зрабіць так, каб глядач забыўся на гэта і бачыў, што ў лялькі ёсць жэст, які не трэба дапаўняць словамі, яна перажывае, а значыць жыве. Аб гэтым распавядае Віктар Клімчук.
Ад таго, як здавалася б, маленькая простая звонку, але такая складаная ўнутры і па канструкцыі, і па перажываннях на сцэне лялька ў руках акцёра стане ўзаемадзейнічаць з залай, залежыць, як тэатр “Лялька” будзе выхоўваць гледача, даносіць сэнс класічнай і сучаснай літаратуры.
Прэм’еры папярэднічаў перадпаказ, і трэба бачыць, з якой прафесійнай цікавасцю Віктар Клімчук збірае, нібы нанізвае на нітку, думкі наконт “прагона”,: што яшчэ можна ўдасканаліць, ці будуць зразумелымі гледачу пэўныя моманты, і бачна, што для мастацкага кіраўніка тэатра праца над спектаклям, нават калі ён адшліфаваны і падрыхтаваны да прэм’еры, не супыняецца. Пэўна, гэтая ўнутраная праца будзе працягвацца і калі спектакль шмат разоў збярэ залы.
Калі крыху перафразаваць знакамітае ў літаратуры выказванне, то можна сказаць: “Для дзяцей трэба ставіць спектаклі як для дарослых, толькі лепш”.
Прэм’ерная “Дзюймовачка” разлічана і на самых маленькіх, і на тых, хто чытаў гэтую кранальную гісторыю 20-30 гадоў ці нават паўвека таму, і думае, што ўсё ў ёй ведае.
Спектакль пра прыняцце: і чалавекам самога сябе, і чалавека наваколлем, пра тое, як зусім па-рознаму ўспрымаюць адну і тую ж асобу ў розных асяроддзях і як важна не прыстасоўвацца, а знайсці сваё.
– Ужо ў наступны дзень пасля паказу “Дзюймовачкі” ў Віцебску тэатр “Лялька” адправіцца на гастролі ў Полацк, Браслаў, Верхнядзвінск і Міёры з не менш цікавым спектаклем “Насарог і Жырафа”, – расказаў Аляксандр Грыгор’еў. – А ў лістападзе накіруецца ў Мінск: запланаваны паказ на камернай сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы спектакляў, якія намінаваны на Нацыянальную тэатральную прэмію Беларусі. Гэта “Каля Маля” ў пастаноўцы Віктара Клімчука і “Чарамара”у пастаноўцы Міхася Клімчука. “Ляльку” у новым тэатральным сезоне запрашаюць на гастролі ў Алмату, Санкт-Пецярбург.
– Для самых маленькіх віцебскіх гледачоў дашкольнага ўзросту моладзь “Лялькі” арганізуе ў фае бэбі-тэатр, які будзе працаваць па выхадных і ўвечары па будням. Сваё знаёмства з дзецьмі пачнем з прэм’еры спектакля “Як цыплянё голас шукала” (у якасці рэжысера выступіла актрыса тэатра Марыя Кавалёва). Ёсць планы паказаць спектакль ў дзіцячых садках горада, – адзначыў Аляксандр Грыгор’еў.
Для старэйшага школьнага ўзросту найперш, а таксама для шырокага кола гледачоў адбудзецца прэм’ера ваенна-патрыятычнага спектакля “Скажы сваё імя, салдат” у пастаноўцы Віктара Клімчука.
– У салдата было два полі: тое, на якім ён жыў працай сваіх рук, і тое, на якім прыняў смерць. Першае поле ўкрываюць белыя кветкі, другое - чырвона-чорныя. Аб гэтым расказвае ў сне дзяўчынцы безымянны салдат, які зыходзіць з пастамента і шэпча ёй сваё імя. Каб даведацца імёны безымянных салдат, трэба пабываць у тых палях, дзе яны ваявалі, успрыняць трагедыю загінуўшых як сваю уласную і ўсім сэрцам адчуць удзячнасць ім за мірнае неба, – раскрывае філасофскі сэнс спектакля Віктар Клімчук.
Аляксандр Грыгор’еў расказаў, што тэатр загадзя пачынае рыхтавацца да дзесятага “Кукальнага кварталу”, які адбудзецца ў 2024 годзе, каб творчы юбілей прайшоў на высокім ўзроўні і стаў адметнасцю міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”.
Распавёў Аляксандр Грыгор’еў і пра вынікі мінулага тэатральнага сезона. Галоўнае ў ім тое, што Беларускі тэатр “Лялька” пацвердзіў званне Заслужанага калектыва Рэспублікі Беларусь. У мінулым сезоне “Лялька” правяла 350 спектакляў, якія паглядзелі 42,5 тысячы гледачоў, з поспехам прымала ўдзел ў міжнародных фестывалях: дзіцячых камерных тэатраў “Чароўны ліхтарык” ў Санкт-Пецярбургу”, тэатраў лялек у Мурманску і ў Рэспубліцы Хакасія ў горадзе Абакане, пластычных тэатраў у Полацку і лялечнага мастацтва ў Гродна.
Авторское право «Витьбичи»
Усе навіны
Другие новости