Паважаныя браты і сёстры ў Хрысце, шаноўныя людзі добрай волі!
«І нарадзіла Сына свайго першароднага. Спавіла Яго і паклала ў яслі, бо не было ім месца ў заездзе»(Лк 2,7).
Такім простым сказам, радасным і адначасова сумным, перадае Святое Пісанне праўду пра выключную ў гісторыі падзею —нараджэнне Божага Сына. Радасным, бо нарадзіўся Першынец, Той, на Якім споўніліся старадаўнія прароцтвы і Які стане пераможцам граху і смерці. Сумным, бо застаўся непажаданым, адкінутым тымі, дзеля каго прыйшоў у гэты свет, дзеля каго прынізіў сябе як Бог, стаўшы Сынам Чалавечым.
Аднак не ўсё было так кепска. Бо Нованароджанага Збаўцу сагравала любоў Яго Матулі, апека Яе мужа і Яго абранага бацькі. Здзіўленне і радасць пастушкоў — простых людзей вялікага сэрца — і прыгожыя спевы Анёльскага войска разам са ззяннем Бэтлеемскай зоркі. З году ў год мы не проста ўзгадваем гэтую падзею. Насамрэч мы яе перажываем! Бо Бог ёсць вечны і Яго нараджэнне трывае няспынна!
Ён нараджаецца там, дзе з верай прымаюць Ягонае Слова. У кожнай людской душы, якая не закрывае сябе для духоўных каштоўнасцей і не баіцца быць чулай на патрэбы бедных і абяздоленых. Там нараджаецца Бог. Знакам таму ёсць спакой і любоў «доўгацярплівая, ласкавая, якая не зайздросціць..., не шукае свайго, не гневаецца, не памятае зла, не радуецца несправядлівасці, але радуецца разам з праўдай, усё зносіць, усяму (Божаму) верыць, на ўсё спадзяецца. (пар: 1Кар13, 4-7).
Такой любові і спакою хачу пажадаць вам, дарагія браты і сёстры, асабліва цяпер, у наш неспакойны час, які патрабуе аднаго: адкрытых людскіх сэрцаў на Божае Слова, гатовых стацца Яго калыскай, гатовых прыняць Яго Праўду, Яго Жыццё і ісці Яго Шляхам. Гатовых паверыць у Ягоную моц, што не толькі аказвае міласэрнасць, але і
ўсталёўвае канчатковую справядлівасць.
Няхай ззянне ўпрыгожаных ёлак нагадвае нам пра святло Бэтлеемскай зоркі, якое паказала шлях да Хрыста тром Мудрацам, каб і нам адкрылася тая Божая мудрасць, каторая гэты свет стварыла і мае моц гэты свет уратаваць. А ўзнёслае гучанне калядных спеваў няхай напоўніць вашыя сэрцы надзеяй і радасцю, якую толькі можа даць прысутнасць Нованароджанага Збаўцы!
Бласлаўлёнага Нараджэння Хрыстовага і шчаслівага Новага, 2023 года!
Алег БУТКЕВІЧ, біскуп Віцебскі.