У Віцебскай абласной бібліятэцы адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў абласной літаратурнай прэміі імя Петруся Броўкі і абласной прэміі імя Уладзіміра Караткевіча за 2020 год, заснаваных аблвыканкамам з мэтай папулярызацыі лепшых літаратурных твораў, павышэння прэстыжу творчай працы ў сферы літаратуры і стымулявання таленавітых пісьменнікаў.
Творы сучасных паэтаў і празаікаў Віцебшчыны прасякнуты любоўю да роднай зямлі і яе гісторыі, як і ўся творчасць іх выбітных землякоў. Літаратурную прэмію імя Петруся Броўкі ў намінацыі «Проза» атрымала Зоя Наваенка за кнігу «Детство в тумане войны», у намінацыі «Паэзія» – Галіна Загурская за зборнік вершаў «Бераг зарападаў». У раздзеле «Літаратура для дзяцей» узнагароджана Маіна Кузняцова-Бабарыка за кнігу «Елграф и волшебные ножницы».
Уладальнікамі ўзнагароды таксама сталі празаікі Ганна Навасельцава за кнігу «Калі цябе спаткае Казка…» і Галіна і Сяргей Трафімавы за кнігу «Мой родной край. Орша. Оршанский район». За зборнік вершаў «Будем жить…» прэмію атрымала Тамара Краснова-Гусачэнка. У намінацыі «Прапаганда жыцця і творчасці Уладзіміра Караткевіча» адзначаны Аркадзь Русецкі за кнігу «Уладзімір Караткевіч: яго зорка не згасне ніколі… (Спроба літаратурнай біяграфіі)» і шматгадовую працу па прапагандзе творчасці пісьменніка.
З ганаровай узнагародай літаратараў павіншавалі намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Пенін, начальнік упраўлення культуры аблвыканкама Пётр Падгурскі, старшыня абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Тамара Краснова-Гусачэнка і пажадалі ім творчых поспехаў.
З кнігамі пісьменнікаў-лаўрэатаў можна азнаёміцца ў аддзеле краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі абласной бібліятэкі.
Усе навіны