Рус Бел
17.11.2022

Кропкі, плямы, вертыкалі і дыяганалі... У Віцебску адкрылася выстава беларускага мастака Мікалая Таранды

 

У выставачнай зале Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва адкрылася рэтраспектыўная выстава твораў беларускага мастака Мікалая Таранды “Слухаючы прастору”.

 

На выставе, прымеркаванай да 75-годдзя з дня нараджэння майстра, прадстаўлены болей за 100 жывапісных работ розных жанраў, якія выкананы за 50-гадовы перыяд творчай дзейнасці. Многія з твораў паказаны ўпершыню. Увогуле, Мікалай Таранда ўвайшоў у гісторыю беларускага мастацтва як пейзажыст. Усё сваё жыццё ён піша адзін раман – пра родную прыроду і зямлю: пра тое, як палаюць макі і залацяцца сланечнікі; як разыгрываецца на небе феерыя навальнічных аблокаў і ўстае ў блакітнай марознай смузе панарама вёскі з заснежанымі дахамі; як пяшчотна срэбрыцца царква на ўзгорку і гуляе вясновае сонца ў квітнеючых садах.

 

Дарэчы, у далёкім мінулым Мікалай Таранда выпусціўся з мастацка-графічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава. Спадчына мастака налічвае больш за 500 пейзажных работ. Рамантычныя і драматычныя, восеньскія і вясновыя, рэалістычныя і экспрэсіўныя, “чыстыя” і тыя, што прадстаўляюць чалавека ў адзінстве прыроды і штодзённых клопатаў, гарадскія і вясковыя, старанна распрацаваныя і пейзажы-сімвалы. І ў гэтым сэнсе мастака можно смела назваць “энцыклапедыстам” пейзажнага жанру, які стаў яго прыхільнасцю і прызваннем.

 

Іканаграфія беларускіх пейзажаў у яго творах даволі шматгранная. У адных – мастак набліжаецца да эпічнага, элегічнага гучання жывапіснай выявы, у іншых – акцэнтуе яго часавы, эцюдны характар. У сваіх нацюрмортах Мікалай Таранда часцей за ўсё малюе кветкі, але нярэдка звяртаецца і да стварэння "партрэтаў рэчаў", увасаблення ў іх пэўнай філасофіі.

 

У працах мастака сплятаюцца і пульсуюць мазкі самай рознай канфігурацыі - кропкі, плямы, вертыкалі і дыяганалі, якія ўтвараюць нейкую сілавую прастору. Часам ён захоўвае прыкметы рэальнасці, вызначаючы яе каляровымі планамі (напрыклад, карычневым і сінім, якія сімвалізуюць адпаведна зямлю і неба) або выкарыстоўваючы формы мімаходзь, якія нагадваюць дрэвы, дахі хат, сцяжынкі, зіхатлівы месяц ці зорнае неба. Але літаральна на нашых вачах плямы колеру пачынаюць мігацець, як жывая матэрыя, пранізваючы нас, гледачоў, энергіяй непаўторнага жывапіснага тэмпераменту.

 

- Любімай парой года стала восень, - падзяліўся Мікалай Таранда. - Менавіта яна прымушае задумацца і натхняе на стварэнне шматлікіх эцюдаў, якія здзіўляюць пластычнай шчодрасцю, насычанасцю формы і нечаканымі каляровымі супастаўленнямі.

 

Шчырая закаханасць мастака ў прыроду, да якой Мікалай Таранда датыкаецца як да вялікай таямніцы, і сёння застаецца надзейнай глебай для развіцця яго творчай індывідуальнасці. Таксама як і рэалістычныя традыцыі, павага да якіх акрэслівае вобразна-стылістычныя асаблівасці яго творчай манеры.

 

- Выстава будзе працаваць да 29 студзеня 2023 года і дасць уяўленне пра асноўныя вобразныя матывы і маю творчую эвалюцыю, - падзяліўся Мікалай Таранда. - На ёй паказаны раннія працы, партрэты блізкіх і практычна ўся іканаграфія жанру пейзажа – ад традыцыйна рэалістычных да пейзажаў-станаў, так званых “экспрэсій”, дзе прыродны матыў, напісаны па памяці, практычна пераходзіць у абстракцыю.

 

І сёння, нягледзячы на складаныя жыццёвыя перыпетыі апошніх гадоў, ледзь не кожны дзень Мікалай Таранда па-ранейшаму шмат творча працуе ў сваёй майстэрні. А яшчэ вандруе, адгукаецца на прапановы паўдзельнічаць у выставах і пленэрах і з вялікай апантанасцю абмяркоўвае праблемы развіцця сучаснага мастацтва. А значыць, па-ранейшаму жыве і дыхае гэтым вольным паветрам - творчасцю.

Авторское право «Витьбичи»

 

Усе навіны

Другие новости

Радыё "Віцебск"