Рус Бел
09.01.2023

Сышоў з жыцця былы дырэктар Коласаўскага тэатра Рыгор Шацько

Беларуская культурная супольнасць смуткуе... 7 студзеня 2023 года сышоў з жыцця заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, уладальнік спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, былы дырэктар Коласаўскага тэатра (1997-2012), артыст драмы, вядучы майстар сцэны Рыгор Іванавіч Шацько.
Рыгор Шацько нарадзіўся 16 красавіка 1959 года ў вёсцы Ракаў Валожынскага раёна Мінскай вобласці. У 1984 годзе закончыў акцёрскае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута.

З 1 жніўня 1984 года пачаў працаваць артыстам Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа.
Шацько Р.І. быў таленавітым акцёрам шырокага творчага дыяпазону. З 1998 года – вядучы майстар сцэны. Вызначаўся высокім прафесіяналізмам, сцэнічнай абаяльнасцю, працавітасцю, творчай ініцыятывай. Яму быў падуладны самы разнастайны ролевы матэрыял.

Найбольш значныя вобразы створаны Шацько Р.І. у класічным рэпертуары: Аляксандр Залатнікоў (”Ах, які пасаж!“ У.Салагуба і П.Фёдарава), Тыбальт (”Рамэа і Джульета“ У.Шэкспіра), Грэгар (”Рэцэпт Макропуласа“ К.Чапека), Кароль французскі, герцаг Бургундскі (”Кароль Лір“ У.Шэкспіра), Яешня (”Жаніцьба“ М.Гогаля), Астраў (”Дзядзька Ваня“ А.Чэхава), Журдэн (”Здурнелы Журдэн“ М.Булгакава), Элхонен-Гурмізах (”Тайбелэ і яе дэман“ І.Б. Зінгера, І.Фрыдмана).

Вялікай папулярнасцю ў гледачоў карысталіся ролі у спектаклях сучасных аўтараў: Лысы, Курчавы (”Энергічныя людзі“ В.Шукшына), Марашаль (”Будзьце здаровы!“ П.Шэно), Дзмітрый (”Плюшавая малпа ў дзіцячым ложку“ М.Яблонскай), Госць (”Шчаслівае здарэнне“ С.Мрожака), Віктар Чэрмлені (”Метамарфозы кахання“ І.Эркеня), Камісар (”Шагал... Шагал...“ У.Драздова), Пракурор (”От цо да!“ С.Яновіча). Выдатнымі творчымі работамі ўзбагаціў Р.І.Шацько свой акцёрскі багаж у спектаклях па творах беларускай драматургіі: Драгун (”Парог“ А.Дударава), Панас (”І смех, і грэх“ Л.Родзевіча, У.Галубка), Пятрук (”Залёты“ В.Дуніна-Марцінкевіча), Піліп (”Пакрыўджаныя“ Л.Родзевіча), пан Бараноўскі (”Несцерка“ В.Вольскага).

За высокія творчыя дасягненні пры стварэнні вобразаў нашых сучаснікаў і класічных персанажаў ў 1999 годзе Рыгор Іванавіч Шацько ўдастоены ганаровага звання ”Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь“.

З лістапада 1997 года па красавік 2012 года Шацько Р.І. працаваў на пасадзе дырэктара тэатра. Як кіраўнік ён вырашаў не толькі гаспадарчыя пытанні, але і клапаціўся пра павышэнне творчага патэнцыялу трупы, рост аўтарытэту тэатра ў горадзе, вобласці, Рэспубліцы Беларусь і за яе межамі. Па ініцыятыве Р.І.Шацько, пры фінансавай падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь на акцёрскім факультэце Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў завочна рыхтаваліся маладыя спецыялісты для работы ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа. Да сённяшняга часу пошуку маладых талентаў садзейнічае гарадскі конкурс "Сцэнічныя чытанні ”Школьны тэатр“, якія пачалі праводзіцца ў Віцебску на базе тэатра з 1997 года пры непасрэдным удзеле дырэктара Шацько Р.І.

Менавіта падчас кіравання Шацько Р.І. у 2001 годзе Беларускі дзяржаўны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа займеў высокі статус ”Нацыянальны“.

Падчас кіравання тэатрам Р.І.Шацько трупа пастаянна выязджала на замежныя абменныя гастролі ў Бранск, Маскву, Смаленск, Арол, Санкт-Пецярбург, Яраслаўль (Расія), Адэсу, Львоў (Украіна), Бостан, Нью-Йорк (ЗША), былі наладжаны абменныя гастролі з Польшчай. Тэатр імя Якуба Коласа прымаў удзел у Днях беларускай культуры ў Парыжы і Мурманску. Было арганізавана актыўнае абслугоўванне сельскага гледача Віцебскай вобласці, гарадоў Полацк, Наваполацк, Орша.

Шацько Р.І. садзейнічаў арганізацыі фестывальнай дзейнасці. Спектакль ”Шагал… Шагал…“ быў удзельнікам больш 10 міжнародных фестываляў ва Украіне, Расіі, Англіі, Італіі, Літве, Францыі, ЗША. У 2000 годзе спектакль атрымаў Гран-пры на Эдынбургскім міжнародным фестывалі мастацтваў, у Брэсце на фестывалі ”Белая вежа“ – прыз за лепшы спектакль па творы беларускай драматургіі.

За актыўную дзейнасць па развіцці фестывальнага руху і арганізацыі зарубежных гастроляў Рыгор Іванавіч Шацько ўзнагароджаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ”За развіццё міжнародных культурных сувязяў“ (2002 год).

Дырэктар Шацько Р.І. пастаянна сачыў за якасцю спектакляў Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа, з’яўляўся намеснікам старшыні мастацкай рады тэатра. Прымаў непасрэдны ўдзел у арганізацыі і правядзенні святаў, юбілеяў тэатра, горада і вобласці.Узнагароджаны ганаровым знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ”За ўклад у развіццё культуры Беларусі“ (2001), Ганаровай Граматай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь (2017), Ганаровай граматай Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта (2006, 2019), Ганаровай граматай Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў (2011).

Пасля заканчэння працы на пасадзе дырэктара Шацько Р.І. працягваў актыўна працаваць на сцэне. Гледачу добра вядомыя яго ролі Уілфрэда Бонда (”Квартэт“ Р.Харвуда), Бургамістра (”Візіт дамы“ Ф.Дзюрэнмата), Старога (”Макбет“ У.Шэкспіра), кардынала Лотра (”Хрыстос прызямліўся ў Гародні“ паводле аднайменнага рамана Ул.Караткевіча), Ілли Мурамца, 1-я галавы Змея Гарыныча, Стражніка (”Да трэціх пеўняў“ паводле аднайменнай аповесці В.Шукшына), Актаўё ("Дурнічка" Лопэ дэ Вегі), Крата (”Прыгоды Дзюймовачкі“ П.Ісайкіна), кума Гарбуза (”Прыгоды Чыпаліна“ А.Бадуліна, А.Чутко), Другога Пана ("Несцерка" В.Вольскага).

У 2019 годзе спектаклем "Бальніца на краі свету" Х.Бойчава Шацько Рыгор Іванавіч адзначыў свой 60-гадовы юбілей і выходзіў да сваіх гледачоў у вобразе Дзеда.

Авторское право «Витьбичи»

Усе навіны

Другие новости

Радыё "Віцебск"