25.10.2023
Выстава-конкурс «Сонечная спадчына» адкрылася у Віцебску
У Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці ў рамках арт-праекта «Захавальнікі народных рамёстваў Віцебшчыны» адкрылася выстава-конкурс «Сонечная спадчына»
У нашай вобласці саломапляценне мае багатыя традыцыі. У кожным раёне майстры займаюцца гэтым рамяством. Элемент «Мастацкія практыкі саломапляцення Віцебскай вобласці» ў 2020 годзе ўключаны ў Дзяржаўны спiс гiсторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублiкi Беларусь. А на 17-й сесіі Міжурадавага камітэта па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА ў Марока 1 снежня 2022 года прынята рашэнне пра ўключэнне беларускай намінацыі «Саломапляценне Беларусі: мастацтва, рамяство, уменні» ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.
Выстава-конкурс «Сонечная спадчына» прадугледжвае творчае спаборніцтва майстроў народных мастацкіх рамёстваў па шасці намінацыях: «Утылітарны выраб у тэхніцы спіральнага пляцення», «Дэкаратыўны выраб у тэхніцы спіральнага пляцення», «Дэкаратыўны выраб з саломкі», «Утылітарныя вырабы з саломкі», «Саламяная пластыка», «Саламяны павук». На выставе прадстаўлена больш за 600 конкурсных работ, якія выкананы майстрамі з 21 раёна вобласці і культурна-гістарычнага комплекса «Залатое кола горада Віцебска «Дзвіна».
У ВАМЦНТ у рамках абласнога арт-праекта «Захавальнікі народных рамёстваў Віцебшчыны» таксама адбылася прэзентацыя ўзораў народнай творчасці майстроў Чашніцкага Дома рамёстваў. Абедзве выставы будуць працаваць да 11 лістапада.
Авторское право «Витьбичи»
Усе навіны
Другие новости