У X-XIII стагоддзях на правым беразе Заходняй Дзвіны, насупраць вусця ракі Віцьбы, існавала паселішча, на базе якога сфармавалася частка гарадскога пасада - Ільіншчына. Сваю назву яна атрымала ад размешчанай на яе тэрыторыі царквы святога Ільі. У далейшым Ільіншчына ў пісьмовых дакументах называецца як "Слабада Валатоўка" або "Слабодскі пасад".
Са з'яўленнем замкавых умацаванняў і развіццём горада Правабярэжная частка Віцебска пашыралася, і да XVI стагоддзя на правым беразе Заходняй Дзвіны насупраць віцебскіх замкаў сфармавалася Задзвінская Слабада. Паўночная частка Задзвінскай слабады, былая Ільіншчына, з'яўляецца гістарычным цэнтрам Чыгуначнага раёна, які ўзнік некалькі стагоддзяў назад.
У 1938 годзе горад Віцебск атрымаў статус абласнога цэнтра. Па ўказе Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 19.07.1940 г. у горадзе Віцебску былі ўтвораны гарадскія раёны: Першамайскі, Кастрычніцкі, Чыгуначны.
У Чыгуначным раёне пражывала 32 тысячы чалавек. У той час у раёне была сканцэнтравана амаль уся прамысловасць горада: завод імя С. М. Кірава, завод імя Камінтэрна, швейная фабрыка "Прафінтэрн", абутковая фабрыка імя Лекерта, дрожзавод, піўзавод, акулярная фабрыка, чыгуначны вузел, махарочная фабрыка, хлебазаводы, лікёра-гарэлачны завод і пладавінзавод, маслабойны завод, толевы завод, малаказавод (апошняе прадпрыемства з'яўлялася будоўляй пяцігодкі); знаходзіліся Дзвінская флатылія, Чэпінская лесаперавалачная база, арцелі: абутковая, паточная арцель Ліўшыца, картанажная, галаўных убораў; мэблевая фабрыка і арцель "Металіст", артылерыйскія майстэрні; размяшчаўся ваенны гарнізон.
Гандаль быў сканцэнтраваны ў будынку 2-павярховага ўнівермага, які знаходзіўся на месцы гасцініцы "Дзвіна".
Працавалі школы №№ 7, 20, 25, 27, 29.
У раёне былі арганізаваны ФЗУ (фабрычна-завадскія вучылішчы) абутнікоў і чыгуначнікаў.
Культурнае жыццё было прадстаўлена: клуб суботні; латышскі клуб (так як з 1914 па 1937 год у горадзе знаходзілася латышскае зямляцтва); клуб металістаў; клуб "Парыжскай камуны". Кінатэатры: "1 Мая","Мастацкі".
На вуліцы Ліннай (у цяперашні час Дзімітрава) знаходзіўся каток. Дзейнічаў парк культуры і адпачынку ім. Кагановіча. Першы тэатр горада Віцебска знаходзіўся па вул. Дзімітрава, у ім выступалі гастрольныя групы.
Многім арганізацыям, якія працуюць у цяперашні час, далі пачатак арцелі, што існавалі раней. Акуляравая фабрыка (узнікла ў1892 годзе) ператварылася ў адно з найбуйнейшых прадпрыемстваў горада і з 23 жніўня 1953 года была ператворана ў Віцебскі завод электравымяральных прыбораў. Сёння гэта буйное, тэхнічна абсталяванае прадпрыемства краіны - адкрытае акцыянернае таварыства «Віцебскі завод электравымяральных прыбораў».
Майстэрні абозна-артылерыйскіх гармат былі створаны ў 1914 годзе, з 1918 года гэта ўжо завод сельскагаспадарчых машын і гармат, з 1922 - завод "Чырвоны Металіст" і з 1934 - станкабудаўнічы завод ім. С. М. Кірава, у цяперашні час ААТ "Вістан".
Іван Грынберг у 1877 годзе стварыў арцель па металаапрацоўцы, у 1919 годзе гэта прадпрыемства было нацыяналізавана і стала насіць ганаровае імя Камінтэрна. У маі 2002 года праведзена рэарганізацыя прадпрыемства шляхам далучэння да ААТ «Вістан». Сёння - гэта адно з найстарэйшых прадпрыемстваў станкабудавання і адзінае ў Рэспубліцы Беларусь, якое вырабляе круглашліфавальнае і суперфінішнае абсталяванне рознага тэхналагічнага прызначэння і ўзроўню аўтаматызацыі, ад простых станкоў да станкоў ЧПУ і аўтаматычных ліній.
На базе Рыга-Арлоўскай чыгункі з 1871 года была пракладзена лінія Смаленск-Орша-Мінск-Брэст, якая паклала пачатак чыгуначнаму вузлу горада Віцебска, аднаму з найбуйнейшых аддзяленняў Беларускай чыгункі, у цяперашні час УП «Віцебскае аддзяленне Беларускай чыгункі». Сёння Віцебскае аддзяленне Беларускай чыгункі забяспечвае стабільную і зладжаную работу ўсіх падраздзяленняў і ўчасткаў у забеспячэнні перавозак грузаў і пасажыраў.
Чыгуначны раён, хоць і з'яўляецца прамысловым, захоўвае шмат даўніны. Тут гісторыя і сучаснасць перасякаюцца. Гэтым ён і непаўторны.
Слава і гонар раёна - гэта ў першую чаргу людзі раёна, якія стваралі яго гісторыю сваёй працай і ратнымі подзвігамі.
З гонарам можна назваць знаёмыя ўсім імёны: былы дырэктар завода імя С. М. Кірава Захаранка Тыверый Міхайлавіч; генерал-маёр Кашнікаў Міхаіл Іванавіч; падпалкоўнік Палтарак Яўген Кузьміч, першы камендант г. Віцебска; Сільчонак Павел Мацвеевіч, Карпетчанка Сяргей Барысавіч - удзельнікі вайны ў Афганістане; Грыбушкін Валянцін Мікалаевіч - партызан брыгады імя Аляксея, Шабашоў Сяргей Міхайлавіч - былы сакратар абкама партыі.
Удзельнікі Кастрычніцкай рэвалюцыі і грамадзянскай вайны: Карпусенка Максім Пятровіч, Дамось Аляксандра Дамінікаўна, Бадроў Васіль Дзмітрыевіч, Коласаў Рыгор Васільевіч, Голубеў Афанасій Ігнатавіч.
Героі Савецкага Саюза: Бекашонак Міхаіл Васільевіч, Бескін Ізраіль Саламонавіч, Іваноў Аляксандр Васільевіч, Сцямасаў Пётр Дзмітрыевіч, Шышкін Павел Емяльянавіч.
Кавалер 3 ордэнаў Славы: Янчанка Ілья Платонавіч.
Героі Сацыялістычнай працы: Цітоў Міхаіл Севасцьянавіч, Чарвякоў Яўген Трафімавіч, Жураў Віталій Мікалаевіч, Макараў Мікалай Акімавіч.
Удзельнікі парада Перамогі: Уткін Аляксей Міхайлавіч, Іткін Давід Якаўлевіч, Смалякоў Пётр Усцінавіч, Мінаеў Мікалай Іванавіч.
Мы заўсёды будзем памятаць іх імёны, з гонарам захоўваць і перадаваць эстафету памяці з пакалення ў пакаленне.