Рус Бел

Тэатральна-відовішчныя і канцэртныя ўстановы


Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Я.Коласа (вул. Замкавая, 2, тэл.: +375 (212) 36-00-43 )

Тэатр створаны ў лістападзе 1926 года. Імя народнага пісьменніка Беларусі Якуба Коласа яму было прысвоена ў 1944 годзе, а ў 2001 годзе тэатру прысвоена званне Нацыянальнага. Тэатр з'яўляецца лаўрэатам Дзяржаўных прэмій СССР, БССР, Беларусі, шматлікіх узнагарод, удзельнікам міжнародных фестываляў.

У трупе тэатра у розны час працавалі народны артыст СССР лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Ф. Шмакаў; народныя артысты Беларусі З. Акружная, Т. Кокштыс,   Л. Трушко, заслужаныя артысты Беларусі А. Лабанок, Т. Ліхачова, В. Петрачкова, Л. Пісарава, Т. Шашкіна, і іншыя.

У рэпертуары тэатра спектаклі розных жанраў: ад іранічнай мілай драмы да сучаснай прытчы і трагічнага гратэска. У тэатры ідуць спектаклі па п'есах беларускіх і замежных аўтараў, ставіцца як класічная, гэтак і сучасная драматургія. Тэатр мае тры пляцоўкі: вялікую сцэну, тэатральную гасціную і малую эксперыментальную сцэну. Штогод у Коласаўскім тэатры праводзіцца фэст сцэнічных чытанняў «Школьны тэатр». Акторы тэатра прымаюць актыўны ўдзел у гастролях і фэстывалях і заўсёды адкрыты для творчай супрацы.

 

Тэатральна-відовішчная установа “Беларускі тэатр “Лялька” (вул. Пушкіна, 2, тэл.: + 375 (212) 66-90-77)

Тэатр «Лялька» заснаваны ў 1985 г. пры Нацыянальным акадэмічным тэатры ім. Я. Коласа як лялечная трупа. У1990 г. трупа аформілася ў самастойны калектыў. За гады існавання тэатр «Лялька» з гастролямі пабываў у Францыі, Германіі, Іране, Турцыі, Югаславіі, Польшчы, Расіі, Егіпце, Сербіі. Калектыў заслужыў шэраг прэстыжных прэмій, прысвоеных на міжнародных фэстах у Беларусі і за яе межамі. За высокія дасягненні ў тэатральным мастацтве тэатру было прысвоена званне «Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь». У рэпертуары тэатра «Лялька» больш за дваццаць пастановак для дзяцей, а таксама некалькі спектакляў для сталых гледачоў.

На рахунку «Лялькі» пяць Гран-пры прэстыжных міжнародных фэстаў, дыпломы, граматы, прызы... Сёння тэатр «Лялька» для гараджан – практычна «культавае» месца, дзе можна глядзець спектаклі некалькі разоў запар. Глядзець і  атрымліваць сапраўдную асалоду ад відовішча. Бо гэты тэатр не статычны. Ён увесь  час у пошуку новых формаў.

 

Дзяржаўная канцэртная ўстанова “Віцебская абласная філармонія” (вул. Леніна, 69, тел. +375 (212) 53 83 89)

Віцебская абласная філармонія створана ў 1989 годзе на базе гастрольна-канцэртавага аддзялення Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Асноўныя задачы дзейнасці ўстановы – прапаганда сусветнай музычнай творчасці, папулярызацыя нацыянальнай культуры.

У складзе філармоніі творчыя калектывы: сімфанічны аркестр Віцебскай абласной філармоніі, актэт балалаек «Віцебскія віртуозы», ансамбль танца, музыкі і песні «Талака».

Міжнародныя праекты Віцебскай абласной філармоніі: Міжнародны музычны фестываль імя І.І. Салерцінскага, праект «Музычныя вечары Латвіі ў філармоніі «Sveika, Mūzika!», цыкл канцэртаў «Санкт-Пецярбургская філармонія ім. Д.Д. Шастаковіча – Віцебску». Арт-праекты: цыкл арганных канцэртаў, цыкл канцэртава-пазнавальных праграм для будучых мам «Саткаць душу з нот», канцэртна-адукацыйны праект для таленавітай моладзі «Калядная музычная акадэмія».

Набытак Віцебскай абласной філармоніі – унікальныя інструменты: канцэртавы раяль фірмы «Steinway & Sons» і духавы арган нямецкай фірмы «Glatter-Götz». Філармонія мае вялікую залу на 500 пасадачных месцаў. На яе сцэне выступаюць асноўныя калектывы і выканаўцы Беларусі, а таксама Расіі, Прыбалтыкі і краін Заходняй Еўропы. Штогод філармонія праводзіць каля тысячы канцэртаў. Яе аўдыторыя – гэта звыш 150 тысяч чалавек розных катэгорый.

 

 

Канцэртная зала “Віцебск” філіял дзяржаўнай установы “Цэнтр культуры “Віцебск” (парк Фрунзе, 1, т.: (+375-212) 37-39-58; 37-49-02)

У канцэртнай зале «Віцебск» знаходзіцца самая буйная крытая сцэнічная пляцоўка нашага горада. Вялікая зала разлічана на 1050 пасадачных месцаў. Круглая зала месціць да 500 чалавек адначасна, малая зала разлічана на 150 глядацкіх месцаў.

Канцэртная зала «Віцебск» уяўляе сабою комплекс аб'ектаў для правядзення культурных і сацыяльных мерапрыемстващ рознага маштабу і сацыяльна-ўзроставай скіраванасці. У прасторных фае канцэртнай залы традыцыйна праходзяць конкурс-выстава візуальнага сучаснага мастацтва «Арт-сесія», фотавыставы рознай тэматыкі, прамысловыя, таварна-сыравінныя выставы, гандлёвыя кірмашы.

Штодня ў канцэртнай зале праходзяць заняткі калектываў мастацкай самадзейнасці Цэнтра культуры.